BE RU EN

Афіцыйныя прафсаюзы баяцца галодных бунтаў

  • 19.08.2013, 7:56

Нават праўладныя прафсаюзы кажуць пра жабрацкія заробкі на беларускіх прадпрыемствах.

На пасяджэнні Магілёўскага абласнога савета Белхімпрафсаюза было разгледжанае пытанне аб аплаце працы ў ААТ «Магілёўхімвалакно». На ім прысутнічалі старшыні прафкамаў структурных падраздзяленняў супольнасці, паведамляе прэс-служба праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў.

«Члены абласнога савета прафсаюза выказалі занепакоенасць недастатковым узроўнем заработнай платы работнікаў таварыства. На працягу года заробак быў ніжэй, чым у іншых галінах прамысловасці вобласці і рэспублікі, нягледзячы на сумесную працу наймальніка і прафкама.

Бакі вырашылі ліквідаваць наяўныя заўвагі ў калектыўна-дамоўнай працы і працягнуць сумесную працу з наймальнікам па пошуку рэзерваў для павышэння заработнай платы працаўнікам», - гаворыцца ў паведамленні.

Для гэтага абласны савет прафсаюза звярнуўся ў канцэрн «Белнафтахім» і рэспубліканскі камітэт Белхімпрафсаюза з просьбай прапанаваць дадатковыя меры для павышэння заработнай платы працаўнікам ААТ «Магілёўхімвалакно».

Адкрытае акцыянернае таварыства «Магілёўхімвалакно» ўваходзіць у склад канцэрна «Белнафтахім». У склад таварыства ўваходзяць заводы: арганічнага сінтэзу, сінтэтычнага валакна, поліэфірных нітак, рамонтна-механічны.

Нагадаем, яшчэ ў сакавіку працаўнікі акцыянернага таварыства пісалі адкрыты ліст Лукашэнку са скаргай на нізкія зарплаты. Яны казалі пра тое, што на 2400000 беларускіх рублёў - столькі атрымлівалі на прадпрыемстве ў пачатку года - выжыць немагчыма і пагражалі масавымі звальненнямі. Тады афіцыйныя прафсаюзы ўсё адмаўлялі і сцвярджалі, што на прадпрыемстве атрымліваюць столькі ж, колькі і па ўсёй вобласці.

«Быў зварот у прафсаюзны камітэт наконт нізкай заработнай платы. Мы сустракаліся з людзьмі. Кіраўніцтва цэха дало ўказанне распрацаваць магчымасці для павышэння заработнай платы. Сярэдняя зарплата на прадпрыемстве ў нас - 4 мільёны, як і па вобласці», - паведамілі тады ў прафкаме.

Праз пяць месяцаў праблему жабрацкіх заробкаў на ААТ «Магілёўхімвалакно» былі вымушаныя прызнаць і ў ФПБ. Праўда, пакуль невядома, як гэта адаб'ецца на іх росце.

Апошнія навіны