BE RU EN

Аўтара «жахаў» МАЗа адправілі на Акрэсціна

  • 12.08.2013, 21:56

Руслан Мірзоеў атрымаў сем дзён арышту за свой новы відэаролік.

Сваё першае відэа былы рабочы зняў на МАЗе, куды яго адправілі з папраўчай установы, дзе майстар спорту ў боксе адбываў пакаранне за рабаванне. Пасля таго як відэа з завода перавандравала ў інтэрнэт, Руслану Мірзоеву прапанавалі напісаць заяву з ўласнага жадання, нагадвае ОНТ.

Пасля звальнення ён узяўся за новы праект - «Хронікі раёна», або «Курасоўшчынскае гета». Не саромеючыся ў выказваннях, аўтар запэўнівае гледачоў, што пакажа ўсю праўду пра свой раён. Відэаролік уключаў інтэрв'ю з наркаманамі, кадры бойкі і рабавання, шчырую гаворку прастытуткі і абяцанне наступным разам зняць забойства. Ён быў змешчаны на сэрвісе YouTube, аднак неўзабаве выдалены.

Відэаролікам зацікавіліся міліцыянты. Мірзоева затрымалі і папрасілі растлумачыць запісаныя ім злачынствы. Аўтар запэўніў вартавых парадку, што ўсе сцэны пастановачныя. Разам з рэжысёрам для гутаркі запрасілі і аднаго з актораў, які паводле сцэнару «адбіраў у недалуг грошы і мабільнікі».

Калі б знятыя на камеру злачынствы былі сапраўднымі, рэжысёру «пагражаў» бы вялікі тэрмін. Аднак каб асудзіць Мірзоева на сем дзён адміністрацыйнага арышту, было досыць і нецэнзурнага сцэнару.

Апошнія навіны