BE RU EN

Генпракуратура Расеі рыхтуе новую справу супраць Навальнага

  • 12.08.2013, 9:45

Генеральная пракуратура Расеі сцвярджае, што выявіла факты замежнага фінансавання кандыдата ў мэры Масквы Аляксея Навальнага.

Адпаведныя матэрыялы ўжо накіраваныя ў следчыя органы для ўзбуджэння крымінальнай справы, паведамляе «Інтэрфакс».

«У ходзе праверкі, праведзенай па звароце дэпутата Дзярждумы, кіраўніка фракцыі ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага, частка довадаў яго пацвердзіліся, у прыватнасці, пра замежнае фінансаванне выбарчай кампаніі Аляксея Навальнага», - сказаў афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры.

Падставай для свежых абвінавачванняў у адрас Навальнага стала ўжытая ім схема збору ахвяраванняў, якая раззлавала не толькі Жырыноўскага, але таксама «Адзіную Расею», Крэмль c Цэнтрвыбаркам і нават Сяргея Маўродзі, піша NEWSru.com.

«Устаноўлена, што праз электронную аплатную сістэму Яндэкс-грошы звыш 300 замежных юрыдычных і фізічных асоб, а таксама ананімных ахвярадаўцаў з 46 краін свету (у тым ліку ЗША, Фінляндыі, Велікабрытаніі, Швейцарыі, Канады) з 347 АйПі-адрасоў накіравалі ў электронныя кашалькі А. Навальнага і членаў яго перадвыбарчага штаба М.М. Ляскіна, К.С. Янкаўскаса і В.Л. Ашуркова грошы на выбарчую кампанію кандыдата ў мэры Масквы А. Навальнага», - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Генпракуратуры.

Пры гэтым федэральны закон і закон Масквы забараняюць уносіць ахвяраванні ў выбарчыя фонды замежнымі дзяржавамі і замежнымі арганізацыямі, грамадзянамі, ананімнымі ахвярадаўцамі, нагадалі ў ведамстве.

Пра зварот Жырыноўскага да праваахоўнікаў з просьбай праверыць крыніцы фінансавання кампаніі Навальнага стала вядома ў пачатку месяца. Паводле дадзеных парламентара, у апазіцыянера на выбарчым рахунку знаходзіцца сума парадку 20 млн рублёў. «Грошы паступаюць праз Яндэкс па 10 - 15 тысяч рублёў кожныя 10 секунд... Што, людзі пабеглі ў банкі і ўдзельнічаюць у гэтай сістэме?» - здзіўляўся дэпутат. Ён выказваў здагадку пра тое, што фінансаванне Навальны можа атрымліваць з-за мяжы, прычым не ад шэраговых грамадзян: «Калі трэба паказаць, што нібыта ахвяраванні ад грамадзян або ад юрыдычных асоб, то вялікая сума разбіваецца на дробныя, кладзецца на нейкія, у дадзеным выпадку, безыменныя кашалькі... Мы не можам разабрацца, хто яму пераводзіць грошы - Вашынгтон або Чукотка».

У выбарчым штабе Навальнага адмаўляюць атрыманне фінансавай падтрымкі з-за мяжы. «Перш чым каментаваць заяву Генпракуратуры, трэба глядзець іх матэрыялы, - заявіў кіраўнік штаба Леанід Волкаў. - Але ў любым выпадку магу падкрэсліць, што ніякага фінансавання выбарчай кампаніі Аляксея замежнікамі, натуральна, няма».

Сам Навальны на падазрэнні Жырыноўскага раней адказваў так: «Народ фінансуе выбарчую кампанію. І ў нас самая празрыстая і зразумелая сістэма фінансавання... І яму, і генпракурору Чайку, і Сабяніну, і Пуціну прыйдзецца змірыцца. Гэта Чукотка, а не Вашынгтон».

Зрэшты, ведамства Чайкі «змірыцца» пакуль не гатова. У Генпракуратуры адзначаюць, што праверка па звароце лідара ЛДПР працягваецца. «Матэрыялы пра фінансаванне выбарчай кампаніі кандыдата ў мэры Масквы А.Навальнага накіраваныя Генпракуратурай РФ у МУС Расеі для вырашэння пытання аб узбуджэнні крымінальнай справы», - адзначыў сёння суразмоўца ў ведамстве.

Апошнія навіны