BE RU EN

Прадзюсар Алены Ланской знойдзены мёртвым

  • 10.08.2013, 13:43

(абноўлена) Раптам памёр генпрадзюсар Алены Ланской, якая прадстаўляла Беларусь на «Еўрабачанні».

Гэтую інфармацыю пацвердзілі крыніцы ў музычных колах. Змітру Баранаву было 38 гадоў. На яго старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» з'яўляюцца спачуванні.

Прычынай смерці, паводле папярэдніх дадзеных, стала раптоўнае спыненне сэрца.

Як паведаміў БелаПАН народны артыст Беларусі, кіраўнік праекта «Еўрафэст» Аляксандр Ціхановіч, Баранаў памёр увечары 9 жніўня, знаходзячыся за рулём свайго аўтамабіля.

Выпадковы мінак бачыў, як ён паспеў прыпаркавацца, але выйсці з машыны ўжо не змог.

Аляксандр Ціхановіч адзначыў, што Баранаў ніколі не скардзіўся на сэрца. Больш за тое, ён актыўна займаўся спортам, здзяйсняў штодзённыя прабежкі.

У 2012 годзе менавіта генеральнага прадзюсара спявачкі Алены Ланской абвінавацілі ў падтасоўцы вынікаў адборачнага конкурсу, у выніку якой яе аб'явілі пераможцай. Пасля іх адмены першае месца заняў гурт Litesound, які і прадстаўляў нашу краіну на «Еўрабачанні» 2012 года ў Баку.

Спявачка Ланская - пратэжэ набліжаных да Лукашэнкі алігархаў. Сярод спонсараў Алены Ланской былі наваполацкі бізнесмен Мікалай Варабей, кіраўнік кампаніі «Інтэрсэрвіс», якая займаецца аптовымі пастаўкамі нафты, і алігарх Аляксандр Шакуцін.

На «Еўрабачанні» Ланская заняла 16 месца, хоць на яе прасоўванне, як паведамлялася, было выдаткавана больш мільёна даляраў.

Пасля смерці Змітра Баранава спявачка сказала: «Мая душа разрываецца на часткі. Дзіма быў адным з лепшых, самым лепшым прадзюсарам - разумным, прафесійным, адэкватным. Ён мог яшчэ так шмат даць мне і іншым выканаўцам».

У нядзелю ў другой палове дня цела Змітра плануецца даставіць у жаночы манастыр у Навінках. Пахаванне, паводле папярэдняй інфармацыі, пройдзе ў панядзелак, 12 жніўня.

У Змітра Баранава засталіся бацькі і малодшы брат.

Апошнія навіны