BE RU EN

Касцёл пад прыцэлам КДБ

  • 1.08.2013, 12:31

Спецслужбы пазбаўляюцца ад святароў, якія адмаўляюцца працаваць па іх указаннях.

Арыштаваны КДБ ксёндз Уладзіслаў Лазар ніколі не меў праблем з уладамі, распавядае прыхаджанка Наталля Дарашкевіч. Яны пазнаёміліся, калі святар працаваў у Менскім кафедральным касцёле, перадае «Белсат».

«Гэта выдатны святар і выдатны чалавек. Ён ніколі не займаўся палітычнай дзейнасцю, а абвінавачванне яго ў шпіянажы - гэта наогул нейкі абсурд. Ён не меў антыўрадавых поглядаў, але заўсёды казаў услых тое, што думаў. Я ніколі не чула, каб ён казаў нешта супраць уладаў, але ён заўсёды выступаў за праўду, і не толькі з амбона. Ніколі, аднак, не заклікаў да нейкіх дзеянняў», - распавядае Наталля.

Яна не ведае, ці былі ў святара Лазара раней праблемы з КДБ, але дадае, што беларускія спецслужбы актыўна цікавяцца дзейнасцю каталіцкіх святароў.

«Каталіцкі касцёл у Беларусі не падпарадкаваны ўладам. Вядома, што ён мае значны ўплыў на фармаванне грамадскай думкі, таму святары нярэдка аказваюцца на прыцэле ў КДБ», - тлумачыць Наталля.

Яе словы пацвярджае польскі святар, якога нядаўна выгналі з Беларусі нібыта за парушэнне заканадаўства і забаранілі ўязджаць у нашу краіну. Ён просіць не называць яго прозвішча, каб не справакаваць рэпрэсій у дачыненні да яго калег, якія засталіся ў Беларусі:

«КДБ хоча пазбавіцца ад усіх святароў, якія працуюць крыху інакш, чым хацелі б людзі ў пагонах. Перада мной таксама працаваў ксёндз, якога выслалі за «палітычную дзейнасць», як яны гэта называюць. Кіраўнік КДБ мне прама сказаў, што я занадта шмат сабе дазваляў. Калі б я займаўся выключна пажылымі людзьмі і не выходзіў за межы парафіі, праблем не было б».

Ксяндзы, якія прыязджаюць да нас з-за мяжы, у выпадках канфліктаў з мясцовымі ўладамі могуць разлічваць на дапамогу дыпламатаў сваёй краіны. Ксёндз Уладзіслаў Лазар як грамадзянін Беларусі можа спадзявацца толькі на заступніцтва Ватыкана.

Апошнія навіны