BE RU EN

Урад не скасуе тэхрэгламент аб прадукцыі легпрама

  • 5.07.2013, 19:04

Але запатрабуе ад ЕЭК выканання патрабаванняў тэхрэгламенту суб'ектамі гаспадарання Расеі і Казахстана.

Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч правёў нараду аб пытаннях увядзення тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза аб прадукцыі лёгкай прамысловасці з удзелам зацікаўленых органаў дзяржкіравання.

Паводле вынікаў усебаковага разгляду гэтага пытання была адзначана неабходнасць выканання тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці» (ТР МС 017/2011) усімі суб'ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці, паведамляе прэс-служба ўрада.

Разам з тым, з улікам магчымасці прымянення ў краінах - чальцах Мытнага саюза раней выдадзеных сертыфікатаў і дэкларацый да 1 ліпеня 2014 года, індывідуальныя прадпрымальнікі - плацельшчыкі адзінага падатку на працягу гэтага перыяду могуць карыстацца спрошчаным парадкам пацвярджэння адпаведнасці тавараў лёгкай прамысловасці, якія рэалізуюцца ў рознічных гандлёвых аб'ектах і на гандлёвых месцах на рынках, патрабаванням названага тэхнічнага рэгламенту. Гэта ўстаноўлена ў сумеснай пастанове чатырох органаў дзяржкіравання - Мінгандлю, Мінсельгасхарча, Міністэрства аховы здароўя і Дзяржстандарту ад 21 чэрвеня 2013 года № 9/26/50/32.

Пастановай таксама дазволена да 1 ліпеня 2014 года ажыццяўляць рэалізацыю прадукцыі без сертыфікатаў і дэкларацый адпаведнасці патрабаванням ТР МС 017/2011 з абавязковым паведамленнем аб гэтым спажыўцу і выдачай яму дакумента, які змяшчае інфармацыю аб тавары і абавязацельства абмяняць яго ці скасаваць дамову куплі-продажу ў выпадку выяўлення неадпаведнасці тэхнічным рэгламентам.

Пры гэтым вызначаныя тэрміны правядзення кантролю за выкананнем пазначанай міжведамаснай пастановы.

На нарадзе прызнана мэтазгодным не ўжываць меры адміністрацыйнай адказнасці за яго парушэнне: да індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць аптовы гандаль, - да 1 жніўня, а раздробны гандаль, - да 1 лістапада 2013 года.

Мінгандлю, Дзяржстандарту, Мінсельгасхарчу, Міністэрству аховы здароўя сумесна з аблвыканкамамі, Менскім гарвыканкамам і Мінэканомікі даручана на пастаяннай аснове праводзіць тлумачальную працу аб неабходнасці безумоўнага выканання пастановы Еўразійскай эканамічнай камісіі аб увядзенні тэхнічнага рэгламенту і яго выкананні, а таксама выкарыстанні адаптацыйнага перыяду і непрымяненні мер адміністрацыйнай адказнасці да індывідуальных прадпрымальнікаў да устаноўленых тэрмінаў.

Акрамя таго, будзе ініцыяваны разгляд у Еўразійскай эканамічнай камісіі пытання аб выкананні патрабаванняў гэтага тэхнічнага рэгламенту суб'ектамі гаспадарання ўсіх дзяржаў - чальцоў Мытнага саюза.

Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці» (ТР МС 017/2011) быў прыняты рашэннем Камісіі Мытнага саюза ад 2011/12/09 № 876 і ўступіў у дзеянне з 1 ліпеня 2012 года на тэрыторыі Беларусі, Казахстана і Расеі.

Для забеспячэння паэтапнага пераходу да адзіных патрабаванняў былі ўстаноўленыя пераходныя перыяды. Так, да 1 студзеня 2013 года была магчымай вытворчасць і рэалізацыя на мытнай тэрыторыі Мытнага саюза прадукцыі, якая не належыць да дня ўступлення ў дзеянне тэхнічнага рэгламенту, абавязковай ацэнцы (пацвярджэнню) адпаведнасці.

У Рэспубліцы Беларусь для індывідуальных прадпрымальнікаў - плацельшчыкаў адзінага падатку гэты перыяд быў падоўжаны да 1 ліпеня 2013 года.

Яшчэ адзін пераходны перыяд тычыцца прадукцыі, на якую да дня ўступлення ў дзеянне тэхнічнага рэгламенту былі выдадзеныя або зарэгістраваныя дакументы аб ацэнцы (пацвярджэнні) адпаведнасці абавязковым патрабаванням, раней устаноўленым нарматыўнымі прававымі актамі Мытнага саюза або заканадаўствам дзяржавы-чальца Мытнага саюза. Вытворчасць і выпуск у абарачэнне такой прадукцыі дапускаецца да 1 ліпеня 2014 года.

У адпаведнасці з ТР МС 017/2011 сэртыфікацыі падлягае толькі некалькі груп прадукцыі: вырабы бялізнавыя, гарсэтныя, купальныя, пасцельная бялізна, панчошна-шкарпэткавыя вырабы першага пласта. Астатнія групы прадукцыі лёгкай прамысловасці падлягаюць дэклараванню адпаведнасці.

Нагадаем, 27 чэрвеня беларускія прадпрымальнікі правялі агульнанацыянальны страйк у знак пратэсту супраць увядзення новага тэхрэгламенту МС. Не працавалі многія рынкі ў Менску, абласных цэнтрах і дзесятках іншых гарадоў краіны. Супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка. Кіраўнік грамадскай арганізацыі «Пэрспэктыва» атрымаў пяць сутак адміністрацыйнага арышту. 2 жніўні лідары прадпрымальніцкага руху збіраюцца наведаць Еўразійскую эканамічную камісію па пытанні тэхрэгламенту МС.

Апошнія навіны