BE RU EN

Касцёл пацвердзіў арышт ксяндза Уладзіслава Лазара

  • 29.07.2013, 15:30

Справай арыштаванага святара займаецца амбасада Ватыкана.

Факт арышту Уладзіслава Лазара пацвердзіў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» часова выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько.

«Мы ведаем пра гэты факт, але не маем дакладнай інфармацыі пра тое, за што ён затрыманы. Чакаем, калі з'явяцца на гэты конт афіцыйныя паведамленні», - сказаў ён.

Юрый Санько адзначыў, што справа знаходзіцца ў руках дзяржаўных органаў, у прыватнасці, ёй займаецца нунцыятура (амбасада Ватыкана).

Разважаць на тэму, ці звязанае затрыманне ксяндза Уладзіслава Лазара з агучаным у мінулую пятніцу Лукашэнкам «шпіёнскім» скандалам, Юрый Санько адмовіўся, спаслаўшыся на недахоп афіцыйнай інфармацыі.

У КДБ інфармацыю пра затрыманне Уладзіслава Лазара не пацвярджаюць і не абвяргаюць.

Арыштаваны і змешчаны ў СІЗА КДБ ксёндз Уладзіслаў Лазар, настаяцель парафіі Сашэсця Святога Духа ў Барысаве.

У мінулую пятніцу Лукашэнка заявіў пра затрыманне супрацоўніка беларускіх спецслужбаў, які працаваў на замежныя дзяржавы праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы. Супрацоўнік спецслужбаў, удакладніў ён, «не толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой».

Апошнія навіны