BE RU EN

«Барацьба» з АЧС: пагрозы і запалохванні вяскоўцаў

  • 29.07.2013, 11:35

Супраць вяскоўцаў, якія адмовяцца забіваць сваіх свіней, «будуць прынятыя меры».

Незалежны журналіст Зміцер Лупач не змог трапіць на сход жыхароў вёскі Дзеркаўшчына, дзе 28 ліпеня абмяркоўвалася забарона вырошчваць свіней у 5-кіламетровай зоне ад свінакомплексу «Маліноўшчына». Засцярога выкліканая небяспекай распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней, а якую пагрозу ўяўляў сабой журналіст - невядома, піша ПЦ «Вясна».

Зміцер Лупач распавёў, што міжволі мог стаць прычынай для звальнення ўчастковага міліцыянта:

«Толькі мяне ўбачыўшы, старшыня нашага Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат звярнуўся да намесніка начальніка міліцыі Глыбоцкага раёна Віктара Адамовіча. Маўляў, хто Лупача прапусціў і дзе ўчастковы. Сёння ж звольніць участковага з працы. Бо раптам у мяне з сабой ёсць аўтамат, і я ўсіх тут перастраляю».

Адкуль такія падазрэнні ў кіраўніка раёна, журналіст не ведае. На сход Змітра Лупача не пусцілі, таму што ён - не жыхар Дзеркаўшчыны. Зрэшты, міліцыяй запалохвалі і тых, хто быў на сходзе: прагучаў загад прыбраць з прыватных гаспадарак усіх свіней. А адносна тых, хто гэтага не зробіць, «будуць прынятыя меры, будзе падключаны РАУС», - распавёў спадар Лупач.

Паўплываць на людзей праз незалежную прэсу прысутныя на сходзе кіраўнік раёна, прадстаўнікі раённай ветслужбы, аховы прыроды, кіраўніцтва сельсавета і мясцовага сельгаспрадпрыемства не прызначылі. А мясцовыя жыхары, у сваю чаргу, казалі пра тое, што запалохванне міліцыяй і «іншымі мерамі» - гэта парушэнне іх правоў. Бо замест сур'ёзных аргументаў яны чулі толькі пагрозы. Аднак ніякага афіцыйнага загаду, каб знішчыць усіх свіней на вёсцы і больш не заводзіць, ім не паказалі.

Апошнія навіны