Аляксандр Мілінкевіч: Беларусі вельмі важна аднавіць адносіны з ЕЗ
- 22.07.2013, 16:00
Лідар руху «За свабоду» назваў візіт Уладзіміра Макея ў Брусэль «першым крокам».
«Беларусі вельмі важна аднавіць адносіны, і палітычныя, і дыпламатычныя, і эканамічныя, з Еўразвязам. Ад гэтага залежыць, будзе яна незалежнай ці не будзе, страціць яна суверэнітэт ці не страціць. І таму, я лічу, дыпламатычныя каналы камунікацыі павінны існаваць.
Пасля падзеяў 19 снежня 2010 года Макей ў спісе неўязных. Але Захаду патрэбны кантакцёр, каб выпрацаваць дарожную мапу для супрацоўніцтва. Я ўпэўнены, што гэта толькі першыя крокі, якія створаць перадумовы для дыялогу. Гэта - не дыялог, гэта толькі падрыхтоўка дыялогу. І такія кантакты вельмі важныя», - заявіў Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв'ю сайту «Белорусский партизан».
Палітык заўважае, што Еўропа ніколі не пойдзе на тое, каб пачаць дыялог без вызвалення палітвязняў.
«Для нас гэта пытанне № 1, без сумневу. І я думаю, што Еўропа вытрымае гэтую маральную планку», - сказаў лідар руху «За свабоду».
Нагадаем, Уладзімір Макей прыме ўдзел у сённяшняй сустрэчы кіраўнікоў МЗС «Усходняга партнёрства».
Яна пачнецца ў Брусэлі ў 17.00 па мясцовым часе (18.00 па Менску). Сустрэчы будзе папярэднічаць пасяджэнне Рады міністраў замежных спраў Еўразвяза.
Гэта першая паездка Макея ў Еўропу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У студзені 2011-га ён у ліку іншых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў быў занесены ў чорны спіс ЕЗ як асоб, датычная да жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня і наступнага пераследу актывістаў апазіцыі. На той момант Макей узначальваў адміністрацыю Лукашэнкі.
24 чэрвеня гэтага года Рада міністраў замежных спраў ЕЗ на пасяджэнні ў Люксембургу прыняла рашэнне аб прыпыненні візавых санкцый у дачыненні да Уладзіміра Макея.