BE RU EN

Кітайцы дапамогуць Лукашэнку шпіёніць за беларусамі

  • 17.07.2013, 8:35

Кіраўнік разлічвае зачышчаць інтэрнэт з дапамогай кітайскіх тэхналогій.

Пра гэта стала вядома пасля перамоваў, якія Лукашэнка правёў у Пекіне.

«Бакі гатовыя паглыбляць супрацоўніцтва ў сферы інфарматызацыі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, абмяркоўваць магчымасці фінансавай падтрымкі, у тым ліку, льготнага крэдытавання для рэалізацыі праектаў», - адзначаецца ў сумеснай дэкларацыі, падпісанай Лукашэнкам і старшынёй КНР Сі Цзіньпінам па выніках перамоваў.

«Кітай з'яўляецца прызнаным сусветным лідарам у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і кібербяспекі. У Беларусі таксама ёсць пэўныя распрацоўкі. Развіццё ўзаемадзеяння ў гэтых абласцях адпавядае інтарэсам дзвюх краін», - заявіў «Інтэрфаксу» прадстаўнік беларускай дэлегацыі, якая суправаджае кіраўніка краіны з візітам у Кітай.

Мяркуецца, адзначыў суразмоўца, што бакі распрацуюць канкрэтную праграму сумеснай працы ў гэтым напрамку.

Пра тое, што менавіта Лукашэнку цікавіць «у сферы інфарматызацыі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій», ён неаднаразова згадваў раней.

«Нашы сеткі, базы дадзеных, каналы камунікацый, а таксама прыватнае жыццё нашых грамадзян павінны быць надзейна абароненыя ад любога замежнага замаху», - казаў кіраўнік напярэдадні святкавання афіцыйнага дня незалежнасці.

«Іншага выхаду ў нас няма - планета ўжо ўступіла ў эпоху неабвешчаных кібервойнаў, і прайграць тут мы не маем права», - заявіў ён у сваім выступленні 1 ліпеня.

Лукашэнка тады прызнаў, што «у адзіночку мы не здольныя супрацьстаяць глабальным тэхналогіям». «Таму ў гэтай сферы мы павінны рэзка нарасціць супрацоўніцтва з нашымі саюзнікамі і, перш за ўсё, з Кітаем - краінай, якая здолела стварыць эфектыўную сістэму абароны нацыянальнай кіберпрасторы», - сказаў ён.

Нагадаем, 15 ліпеня беларускі кіраўнік вылецеў у Пекін. Лукашэнка правёў сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, прэм'ерам Дзяржаўнага савета Лі Кэцянам і старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Юй Чжэншэнам.

Эксперты лічаць, што галоўнай тэмай візіту стане фінансавае пытанне. Пекін называюць «апошняй надзеяй беларускага кіраўніка на выратавальны крэдыт.

Апошнія навіны