BE RU EN

Міліцыя выбачылася за зачыстку ў Пінску

  • 16.07.2013, 12:25

Начальнік УУС Брэсцкай вобласці прынёс прабачэнні за «непрафесійныя дзеянні міліцыі».

Іван Саўчыц у інтэрв'ю афіцыйнай газеце «Заря» паведаміў, што інцыдэнтам у Пінску, які адбыўся 7 ліпеня, займаецца Следчы камітэт. Менавіта ён павінен даць ацэнку правамернасці дзеянняў супрацоўнікаў, якія з асаблівай жорсткасцю правялі зачыстку вулічных гандляроў каля міні-рынку «Заходні».

«Сапраўды, у Пінску адбыўся інцыдэнт. Ужо зробленыя вельмі сур'ёзныя высновы, з усімі начальнікамі райаддзелаў была праведзеная селектарная нарада па гэтым пытанні. Я прыношу прабачэнні за непрафесійныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Ацэнку правамернасці іх дзеянняў дасць Следчы камітэт Беларусі, у сваю чаргу мы праводзім службовую праверку. Вядома, факт адміністрацыйнага правапарушэння грамадзянамі меў месца і складзеныя пратаколы былі следствам гэтага парушэння закона, але далейшыя дзеянні міліцыянтаў былі непрафесійнымі», - сказаў начальнік УУС Брэсцкай вобласці.

Пажылыя жыхары Пінску ўжо даўно прадаюць гародніну і садавіну, якую вырошчваюць на ўласных прысядзібных участках, таксама ягады і грыбы каля ўваходу на міні-рынак «Заходні». Супрацоўнікі міліцыі і раней спрабавалі перашкодзіць гэтаму, але, як правіла, абмяжоўваліся тым, што разганялі гандляроў ці папярэджвалі пра адказнасць. Аднак, у нядзелю 7 ліпеня яны правялі сапраўдную зачыстку тэрыторыі каля рынка.

Міліцыя дзейнічала з асаблівай жорсткасцю. Людзей сілай закідвалі ў машыны, а торбы з прадуктамі, якімі яны гандлявалі кідалі на зямлю. Пенсіянерам выкручвалі рукі, збівалі іх, цягалі за валасы, рвалі вопратку. Усяго, па сведчанні відавочцаў, было затрымана каля 10 чалавек.

Апошнія навіны