BE RU EN

На свінакомплексе пад Віцебскам знішчаюць свіней?

  • 1.07.2013, 11:56

Недалёка ад Віцебска на свінакомплексе побач з вёскай Копці, па словах мясцовых жыхароў, знішчаюць усё пагалоўе свіней у сувязі з успышкай афрыканскай чумы.

Як паведаміла сайту «Народныя навіны Віцебска» крыніца ў Віцебскім райвыканкаме, падрыхтоўка да мерапрыемства па ліквідацыі свіней пачалася яшчэ перад выходнымі. Першапачаткова для гэтага планавалася прыцягнуць супрацоўнікаў устаноў культуры раёна - жанчыны павінны былі забіваць жывёл, а мужчыны грузіць, але пазней ад гэтай ідэі адмовіліся. Магчыма нават, што замест работнікаў культуры зараз задзейнічаныя вайскоўцы.

Трапіць на сам свінакомплекс зараз немагчыма - усе дарогі, у тым ліку прасёлачныя, перагароджаныя пастамі міліцыі і ДАІ. Супрацоўнікі ўнутраных органаў, якія стаяць у ачапленні, тлумачаць, што гэта забароненая зона, але з-за чаго забарона - каментаваць адмаўляюцца.

Міліцыянты забаранілі весці фотаздымку нават за межамі так званай «забароненай зоны». Журналісты паспрабавалі ўзяць каментар у Віцебскай раённай ветэрынарнай станцыі, аднак, супрацоўнік, адказаў на званок, сказаў, што ён не ў курсе таго, што адбываецца.

Як раней паведамлялася, у Віцебскім раёне ўжо знішчалі свіней - у чэрвені жывёлы былі канфіскаваныя з прыватных падворкаў вёсак Ліпаўцы, Шапечына і Асінаўка. Аднак ветэрынарная служба Беларусі афіцыйна пацвердзіла толькі ўспышку АЧС у Гродзенскай вобласці.

На свінакомплексе пад Віцебскам знішчаюць свіней? Фота Сяргея Серабро
На свінакомплексе пад Віцебскам знішчаюць свіней? Фота Сяргея Серабро
На свінакомплексе пад Віцебскам знішчаюць свіней? Фота Сяргея Серабро
На свінакомплексе пад Віцебскам знішчаюць свіней? Фота Сяргея Серабро

Апошнія навіны