BE RU EN

Бэрлусконі атрымаў чарговы тэрмін

  • 24.06.2013, 20:58

Міланскі суд прысудзіў былога кіраўніка італійскага ўрада Сільвіё Бэрлусконі да сямі гадоў пазбаўлення волі паводле «справы Рубі».

Палітыка прызналі вінаватым у дачыненні да прастытуцыі непаўналетніх і злоўжыванні службовым становішчам. Акрамя таго, згодна з пастановай суда, Бэрлусконі пажыццёва не зможа займаць дзяржаўныя пасады, паведамляе РИА «Новости».

Пракуратура патрабавала для Бэрлусконі пакарання ў выглядзе шасці гадоў турэмнага зняволення і бестэрміновай забароны на дзейнасць на ўсялякіх дзяржаўных пасадах.

Расследаванне што да Бэрлусконі было пачатае пасля таго, як у ноч з 27-га на 28 траўня 2010 года палітык, што займаў тады пасаду старшыні ўрада, асабіста патэлефанаваў у пастарунак Мілана і загадаў адпусціць на парукі арыштаваную за крадзеж непаўналетнюю мараканку Карыму аль-Маруг. Пазней Бэрлусконі патлумачыў прычыны выяўленага клопату тым, што дзяўчына была пляменніцай Хосні Мубарака, які займаў у той час пасаду прэзідэнта Егіпта. Са слоў прэм'ера, ён не ведаў ўзросту Карымы, вядомай пад мянушкай Рубі.

Следства высветліла, у тым ліку шляхам праслухоўвання тэлефонных размоў, што на віле Бэрлусконі ў Аркоры пад Міланам дзейнічала сістэма «арганізаванай прастытуцыі». На вечарыны запрашаліся дзяўчаты, іхная прысутнасць шчодра аплачвалася. Сярод іх была і Рубі.

Працэс супраць Бэрлусконі пачаўся 6 красавіка 2011 года, калі абвінавачаны яшчэ быў прэм'ерам. І гэтая акалічнасць, а таксама ўдзел у нядаўніх парламенцкіх выбарах, які дазваляў палітыку з уважнай прычыны не з'яўляцца на паседжанні, моцна зацягнулі тэмпы судовага разбору. Падчас слуханняў у якасці сведак выклікаліся некалькі дзясяткаў дзяўчат, якія бывалі на віле ў Аркоры, а таксама шэраг парламентарыяў і чальцоў урада Бэрлусконі. У спісе сведак абароны значыліся і знакамітасці, такія як амерыканскі актор Джордж Клуні і партугальскі футбаліст Крышціяну Ранальду. Але яны ў Мілан не прыязджалі.

Нагадаем, экс-прэм'ер і сябар беларускага правадыра ўжо прысуджаны да чатырох гадоў турмы паводле абвінавачванняў у махлярстве ягонай кампаніі Mediaset, што было пацверджана надоечы у выніку падачы апеляцыі. Увосень чакаецца канчатковая пастанова касацыйнага суда. Акрамя таго, супраць Бэрлусконі распачаты яшчэ шэраг спраў, у тым ліку аб подкупе парламентарыяў з мэтай падрыву ўрада апанэнта Рамана Продзі.

У віну былому прэм'ер-міністру Італіі журналісты і грамадскасць раней неаднаразова ставілі таксама і сяброўства з беларускім дыктатарам.

Апошнія навіны