BE RU EN

Гродзенскі суд пацвердзіў рашэнне па альбомах Belarus Press Photo

  • 24.06.2013, 13:01

Сёння суд Гродзенскай вобласці паўторна прызнаў альбом Belarus Press Photo «экстрэмісцкім» выданнем.

Касацыйныя скаргі на рашэнне Ашмянскага раённага суда ад 18 красавіка былі пададзеныя фатографамі і іх адвакатамі, паведамляе «Радыё Свабода».

Альбом Belarus Press Photo тады б прызнаны «экстрэмісцкім», а Юлію Дарашкевіч, Аляксандра Васюковіча і Вадзіма Заміроўскага, якія праходзілі па справе ў якасці «зацікаўленых асобаў», абавязалі выплаціць па 217,5 тысячы рублёў за судовыя выдаткі.

Сёння падчас разгляду скаргі ў судзе выступіла прадстаўніца фатографа Вадзіма Заміроўскага адвакат Ларыса Атаманчук, фатограф Юлія Дарашкевіч і яе прадстаўнік - адвакат Аляксандр Бірылаў.

«На падставе чаго эксперты раней прыйшлі да сваёй высновы, што канкрэтны здымак прымяншае годнасць Рэспублікі Беларусь і «падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў»? Тлумачэнняў яны не далі. Што яны шукалі ў альбоме? Негатыў. Але ў такім выпадку таксама можна знайсці нямала адмоўных падзей і ў штодзённых паведамленнях. Напрыклад, пра злачынцу, якіх забіў двух чалавек і аднаму з іх адрэзаў галаву. Няўжо гэта можа шкодзіць рэпутацыі краіны», - кажа Аляксандр Бірылаў.

Тым не менш, удзельнікам разгляду касацыйнай скаргі растлумачылі, што здымкі ў альбоме - «суцэльны негатыў» і што ў змесце можна заўважыць «дзейнасць, накіраваную на прыніжэнне годнасці».

Нагадаем, з пазовам «Аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў суд звярнулася ўпраўленне КДБ Беларусі па Гродзенскай вобласці. У альбомах фотаконкурсу Belarus Press Photo спецслужбы знайшлі «ілжывыя выдумкі аб жыццядзейнасці беларускага народа».

41 фотаальбом быў канфіскаваны 12 лістапада 2012 года на памежным пераходзе «Каменны лог» у Васюковіча і Дарашкевіч.

Belarus Press Photo - гэта першы адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі. У гэтым годзе конкурс праводзіцца ў чацвёрты раз.

Апошнія навіны