BE RU EN

З «МАПІДа» разбегліся рабочыя

  • 21.06.2013, 12:28

Вакантнымі апынуліся адразу 120 ставак.

Генеральны дырэктар ААТ «МАПІД» Іван Янчарскі канстатуе праблему адтоку кадраў. Пра гэта ён заявіў на пашыраным семінары па пытаннях жыллёвага будаўніцтва і мадэрнізацыі будаўнічай галіны Менска, піша БелТА. Паводле яго слоў, найбольш складанае становішча ў падраздзяленнях, якія займаюцца стварэннем вонкавых інжынерных сетак і добраўпарадкаваннем. Не хапае мантажнікаў, аздабляльнікаў.

На сайце МАПІДа ў раздзеле «Вакансіі» - больш за 120 пазіцый. Арматуршчыкам 2-га разраду тут гатовыя плаціць 4,5 млн рублёў у месяц, бетоншчыкам - ад 4 да 6,3 млн рублёў, машыністам вежавага крана - ад 5,5 да 6,5 млн рублёў. Самыя высокія зарплаты прапануюць электразваршчыкам ручной зваркі - ад 8 млн рублёў. А падсобным рабочым абяцаюць усяго 2,5 млн.

Зараз МАПІД будуе дамы ў пяці серыях, для кожнай з якіх вызначаныя нарматыўныя тэрміны будаўніцтва. Сярэдняя працягласць работ па дзевяціпавярховых будынках - 9-10 месяцаў, па вышынных дамах - 13 месяцаў. За 2012 год і пяць месяцаў 2013 года прадпрыемства здало ў эксплуатацыю 85 жылых дамоў, з іх сем - са звышнарматыўнымі тэрмінамі. Асноўныя прычыны невыканання нарматываў - адсутнасць стабільнага фінансавання (афармляліся акты прыпынення будаўніцтва на 1-2 месяцы) і інжынерна-транспартнай інфраструктуры.

Нагадаем, у траўні 2013 года Следчы камітэт пачаў крымінальныя справы па расследаванні фактаў карупцыі з боку службовых асобаў ААТ «МАПІД».

Яшчэ ў красавіку 2012 года Генеральнай пракуратурай быў арыштаваны намеснік дырэктара па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні вопытнай вытворчасці «Будпрагрэс» ААТ «МАПІД».

У чэрвені на нарадзе па пытаннях жыллёвага будаўніцтва беларускі кіраўнік Лукашэнка раскрытыкаваў будаўнічую галіну за высокі ўзровень карупцыі.

Апошнія навіны