BE RU EN

Прыватныя медцэнтры пазбаўляюць ліцэнзій

  • 19.06.2013, 11:41

Міністэрства аховы здароўя за апошні час пазбавіла ліцэнзіі 12 прыватных медцэнтраў.

Міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко заявіў, што да гэтага часу ў рэспубліцы правераная дзейнасць 260 медыцынскіх цэнтраў, 12 з якіх пазбаўленыя ліцэнзіі, піша «Інтэрфакс».

«На сённяшні дзень 260 медцэнтраў ужо правераныя, 12 медцэнтраў пазбаўленыя права займацца медыцынскай дзейнасцю», - паведаміў Жарко журналістам у сераду ў Менску.

У прыватнасці, удакладніў міністр, у пазбаўленых ліцэнзіі медцэнтрах была выяўленая неадпаведнасць шэрагу патрабаванняў, у тым ліку выкарыстоўвалася састарэлае медыцынскае абсталяванне, меліся іншыя парушэнні. «Гэта значыць тыя парушэнні, якія могуць адбіцца на здароўі і жыцці людзей», - удакладніў Жарко.

Ён праінфармаваў, што праверка закранула ўсе віды медыцынскай дзейнасці - хірургію, гінекалогію, стаматалогію і іншыя.

Міністр прывёў у прыклад выпадак, «калі нашых спецыялістаў не дапусцілі нават да праверкі». «Такі цэнтр, безумоўна, быў пазбаўлены ліцэнзіі», - адзначыў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

Нагадаем, пасля пластычнай аперацыі па карэкцыі формы носа ў сталічным камерцыйным медыцынскім цэнтры 27 сакавіка Юлія Кубарава не прыйшла ў прытомнасць. Праз чатыры тыдні, не прыходзячы ў прытомнасць, пацыентка, перанакіраваная ў 4-ю гарадскую клінічную бальніцу, памерла.

Па словах сваякоў дзяўчыны, аперацыя замест пакладзеных паўтары-дзве гадзіны доўжылася амаль тры. Хірург пасля ўмяшання з'ехаў адразу, анестэзіёлаг зазірнуў да дзяўчыны ў палату, патлумачыўшы, што будзіць яе не трэба - прачнецца сама. І таксама пакінуў устрывожаных бацькоў пацыенткі.

Ноччу медсястра цэнтра, не бачачы паляпшэння яе стану, выклікала лекараў, і дзяўчыну даставілі ў рэанімацыю 4-й гарадской клінічнай бальніцы Менска, дзе яна знаходзілася ў коме чатыры тыдні. Па факце смерці пацыенткі «Экамедсервіса» былі затрыманыя пяць чалавек.

Апошнія навіны