BE RU EN

Рэклама «Прымусь чыноўніка працаваць» атрымала чатырох «Канскіх ільвоў»

  • 18.06.2013, 16:06

Журы міжнароднага фестывалю рэкламы прысудзіла адразу чатырох «Канскіх ільвоў» расейскай сацыяльнай рэкламе пад назвай «Прымусь чыноўніка працаваць».

Гэта самы вялікі поспех расейскіх рэкламнікаў за ўсе гады ўдзелу ў фестывалі, адзначае Mir24.

Праект «Прымусь чыноўніка працаваць» трапіў у фінал адразу ў сямі намінацыях, падзеленых на чатыры катэгорыі: за медыяпакрыццё, за вонкавую рэкламу, за сувязі з грамадскасцю і за інавацыйную рэкламу.

Рэкламную кампанію распрацоўвала агенцтва «Усход» для партала Ura.Ru.

У рамках праекта на ямах дарог Екацерынбурга і Свярдлоўскай вобласці былі намаляваны партрэты мясцовых чыноўнікаў: губернатара вобласці Яўгена Куйвашава, мэра Екацерынбурга Яўгена Парунова, кіраўніка адміністрацыі Екацерынбурга Аляксандра Якаба. Пры гэтым ямы і выбоіны на задуму аўтараў сталі шырока разяўленымі ратамі чыноўнікаў.

У выніку, як паведамляюць СМІ, камунальныя службы горада за адну ноч адрамантавалі большасць праблемных дзялянак дарогі. А відэаролікі з этапамі выканання праекта і фотаздымкамі шаржаў на чыноўнікаў хутка распаўсюдзіліся ў сацыяльных сетках і выклікалі непадробную цікавасць расейцаў.

Апошнія навіны