BE RU EN

Ладуцька забараніў адпачынкі

  • 18.06.2013, 11:57

Работнікі будаўнічай галіны могуць забыцца пра адпачынак да канца лета.

Менску на працягу двух месяцаў трэба выкараніць усе негатыўныя моманты ў будаўнічай галіне. Такую задачу паставіў у панядзелак на аператыўнай нарадзе старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

Ён нагадаў, што Лукашэнка 14 чэрвеня на нарадзе звярнуў увагу на наяўнасць вялікай колькасці праблем у будаўнічай сфэры ў Менску. Тады правадыр таксама заявіў, што Менгарвыканкам складаецца цалкам з карупцыянераў.

Мікалай Ладуцька пазначыў ключавыя моманты будучай працы. Па-першае, праблемныя дамы, тэрміны будаўніцтва якіх зацягнуліся, павінны быць уведзеныя ў эксплуатацыю ў верасні. Па-другое, патрэбныя поўная мадэрнізацыя сістэмы кіравання і павышэнне эфэктыўнасці работы будаўнічай галіны, пачынаючы са службаў, дзе працуюць чыноўнікі, падлеглых арганізацый і структур, якія забяспечваюць выкананне пастаўленых задач.

«Усе гэтыя мерапрыемствы павінны быць праведзеныя на працягу двух месяцаў, таму не рэкамендую кіраўнікам у гэты перыяд, не выканаўшы ўсе патрабаванні, якія пастаўленыя перад сістэмай, думаць пра адпачынак і адпускаць сваіх супрацоўнікаў», - цытуе менскага начальніка горада агенцтва «Минск-Новости».

Апошнія навіны