BE RU EN

Belarus Press Photo пакажуць у Менску

  • 17.06.2013, 18:27

Заўтра ў Менску адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу Belarus Press Photo - 2013.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў фатограф Вадзім Заміроўскі.

«Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу Belarus Press Photo будзе праходзіць заўтра 19 ліпеня ў студыі «Знята» а 7 вечара. Там будуць практычна ўсе ўдзельнікі конкурсу і людзі, якія цікавяцца фатаграфіяй. Усяго ў гэтым годзе 27 прызёраў конкурсу», - падкрэсліў фатограф.

Belarus Press Photo - гэта адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі. Мэтай конкурсу з'яўляецца падтрымка і развіццё прафесійнай прэс-фатаграфіі ў Беларусі. Конкурс таксама закліканы стымуляваць развіццё фотажурналістыкі, падтрымаць абмен досведам і ведамі паміж пакаленнямі беларускіх фатографаў, сфармаваць высокія прафесійныя стандарты ў фотажурналістыцы і садзейнічаць свабоднаму і неабмежаванаму абмену прафесійнай інфармацыяй.

У 2013 годзе аргкамітэт атрымаў больш за 2500 конкурсных здымкаў ад рэкорднай колькасці ўдзельнікаў - 114-ці. Пераможцы вызначаюцца ў 9-і рубрыках - «Навіны», «Паўсядзённае жыццё», «Спорт», «Рэпартажны партрэт», «Пастановачны партрэт», «Мастацтва і забавы», «Прырода», «Традыцыі» і «Мабілаграфія». У кожнай намінацыі ўзнагароджваліся як адзінкавыя здымкі, так і серыі работ.

Нагадаем, 18 красавіка Ашмянскі раённы суд прызнаў экстрэмісцкім фотаальбом Belarus Press Photo - 2011.

Фота: budzma.org

Апошнія навіны