Брата Бакіева завочна прысудзілі да 5 гадоў калоніі
- 12.06.2013, 11:59
Брат экс-прэзідэнта Кыргызстана Акмат Бакіеў завочна прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі строгага рэжыму.
Такі прысуд у сераду вынес Першамайскі раённы суд Бішкека, піша «Інтэрфакс».
«Старшыня на працэсе суддзя Алмазбек Малдабаеў адзначыў, што А.Бакіеў не адбыў 2 гады 6 месяцаў тэрміну пакарання за ўчыненае раней злачынства, а таксама прызнаў яго вінаватым паводле артыкулу «Уцёкі», за што падсудны пакараны пазбаўленнем волі на 3 гады. Тэрмін у 5 гадоў вызначаны праз частковае складанне тэрмінаў пакарання», - пазначана ў прысудзе суда.
Адвакат Бакіева Алмаз Кажонаў папрасіў суд «улічыць матывы злачынства і стан здароўя падабароннага».
Бакіеў з'яўляецца родным братам хаванага ў Беларусі былога кіраўніка Кыргызстана Курманбека Бакіева. Ён, адбываючы пакаранне ва установе N 35 ДСВП, знаходзіўся на стацыянарным лячэнні з 3 лютага 2012 года ў клініцы «КафМедЦэнтрПлюс». 3 сакавіка 2012 ён, парушыўшы падпіску, пакінуў клініку і ўцёк.
Акмат Бакіеў быў асуджаны за арганізацыю беспарадкаў у Джалал-Абадзе і захоп будынкаў дзяржаўнай улады ў траўні-чэрвені 2010 года.
Нагадаем, сам Курманбек Бакіеў завочна асуджаны вайсковым судом Бішкецкага гарнізона на 24 гады з канфіскацыяй маёмасці за злачынствы, звязаныя са злоўжываннем службовым становішчам.
Прысуд Курманбеку Бакіеву вынесены паводле крымінальнай справы, звязанай з забойствам у сакавіку 2009 года былога кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Садыркулава.
Малодшы брат былога прэзідэнта, начальнік ягонай аховы Жаныбек Бакіеў асуджаны за арганізацыю забойства Садыркулава і яшчэ шэраг злачынстваў. Ён прысуджаны да пажыццёвага тэрміну зняволення і пазбаўлены вайсковага рангу генерал-лейтэнант.
Былы кіраўнік Кыргызстана і ягоны брат абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук праз Інтэрпол. Кіргызскі кіраўнік з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбеку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі. Просьбы аб выдачы братоў Бакіевых беларускія ўлады неаднаразова ігнаравалі.