BE RU EN

«Онербанк» схаваўся пад новай назвай

  • 8.05.2013, 21:34

Беларускі банк, супраць якога ўведзеныя санкцыі ЗША, змяніў назву на «НЕБ банк».

Аб гэтым паведамляецца ў прэс-рэлізе Нацбанка Беларусі.

«У сувязі са зменамі, якія адбыліся ў структуры ўласнікаў, і паводле пастановы новых акцыянераў ЗАТ «Онербанк» перайменаванае ў закрытае акцыянернае таварыства «Норд Еўрапеана Банк» (ЗАТ «НЕБ банк»)», - гаворыцца ў паведамленні.

Пастановай праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 6 траўня 2013 года № 270 праведзеная дзяржаўная рэгістрацыя змяненняў і дапаўненняў, якія ўносяцца ў Статут гэтага банка.

Раней еўрапейскія СМІ пісалі пра тое, што іранскія банкі, на якія распаўсюджаны заходнія санкцыі, пачалі рэгістраваць свае філіялы ў Менску. Такім чынам Тэгеран спрабаваў абыходзіць санкцыі з дапамогай Беларусі.

ЗАТ «Онербанк» створанае ў кастрычніку 2009 года як банк са 100% замежным капіталам. Ранейшымі акцыянерамі банка выступалі іранскія Банк Рефах Каргаран (Bank Refah Kargaran), Банк Садэрат Іран (Bank Saderat Iran), Банк Тосэе Садэрат Іран (Bank Toseeh Saderat Iran / Export Development Bank of Iran).

У жніўні 2010 года ў дачыненні да Онербанк былі ўведзеныя аднабаковыя санкцыі Міністэрства фінансаў ЗША з прычыны таго, што арганізацыя кантралюецца іранскімі банкаўскімі структурамі.

У лютым 2013 года банк абвясціў аб змене акцыянераў. Яго асноўным уласнікам стаў рэзідэнт Нямеччыны Х.М.Танха, ягоная дзель у капітале склала 94%. Тады многія экспэрты казалі пра тое, што продаж «Онербанк» быў спробай заблытаць фінансавыя органы ЗША.

Апошнія навіны