BE RU EN

Міністэрства аховы здароўя заканчвае праверку «Экамедсервіса»

  • 8.05.2013, 9:40

Праверка медыцынскай дзейнасці цэнтра «Экамедсервіс» павінна завяршыцца сёння.

Пра гэта паведамілі крыніцы, блізкія да профільнага ведамства, перадае «Інтэрфакс».

«Рабочая група, створаная Міністэрствам аховы здароўя для праверкі медыцынскай дзейнасці «Экамедсервіса», павінна 8 траўня падаць у міністэрства матэрыялы гэтай праверкі», - адзначылі суразмоўцы агенцтва. У прыватнасці, рабочая група правярала выкананне ліцэнзійных патрабаванняў і нормаў заканадаўства ў «Экамедсервісе».

Міністэрства аховы здароўя ў сувязі са смерцю Юліі Кубаравай пасля пластычнай аперацыі ў «Экамедсервісе» праводзіць праверкі ўсіх менскіх медыцынскіх цэнтраў, якія плануецца завяршыць да канца траўня.

Па словах спецыялістаў, Міністэрства аховы здароўя правярае пытанні выканання заканадаўства пры аказанні анестэзіёлага-рэанімацыйных відаў дапамогі, хірургічнай, акушэрска-гінекалагічнай. СМІ паведамілі, што «Міністэрства аховы здароўя ўжо праверыла каля 30 прыватных медцэнтраў у Менску і амаль 10 цэнтраў пазбаўленыя ліцэнзіі на аказанне анестэзіёлага-рэанімацыйнай дапамогі».

У сувязі са смерцю Юліі Кубаравай узбуджаная крымінальная справа, у якасці падазраваных праходзяць 6 супрацоўнікаў цэнтра, 4 з якіх затрыманыя.

Пасля пластычнай аперацыі па карэкцыі формы носа ў сталічным камерцыйным медыцынскім цэнтры «Экамедсервіс» 27 сакавіка Юлія Кубарава не прыйшла ў прытомнасць. Праз чатыры тыдні пацыентка, перанакіраваная ў 4-ю гарадскую клінічную бальніцу, памерла.

Апошнія навіны