BE RU EN

Таксістаў змушаюць купляць расейскія аўтамабілі

  • 7.05.2013, 18:47

Уводзячы абмежаванні на выкарыстанне таксовак, беларускія ўлады лабіююць расейскі аўтапрам.

Такім чынам намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў Сяргей Антусевіч пракаментаваў сайту charter97.org прапанову Міністэрства транспарту абмежаваць выкарыстанне аўтамабіляў у якасці таксовак васьмю гадамі.

«Дзяржава можа ўводзіць абмежаванні і прыкрываць іх бяспекай, правамі спажыўцоў і гэтак далей. Відавочна, што чым старэйшы аўтамабіль, тым больш небяспечны як з пункту гледжання бяспекі, так і шкодных выкідаў. Але пасля ўступлення Беларусі ў адзіную мытную прастору, у нас не стала больш новых аўтамабіляў. Натуральна тыя, што ўжо маюцца, з кожным годам будуць старэць. Мы ўсе выдатна разумеем, што таксоўка - гэта самаход, які працуе кожны дзень, і пасля такой працы ад яго застаецца мала «жывога». І таксісты, якія будуць не ў стане замяніць аўто, страцяць магчымасць працаваць», - мяркуе прафзвязны лідар.

Ён падкрэсліў, што беларускім уладам выгадна ўводзіць такія абмежаванні.

«Грамада таксістаў будзе вымушаная купіць новыя аўтамабілі тыпу «Лада Каліна», гэта значыць больш танныя, чым якасныя японскія, нямецкія і амерыканскія аўто такога ж класу. Такім чынам, падвышаецца аб'ём продажаў самаходаў ніжэйшай якасці. Наўрад ці людзі хочуць перасаджвацца на расейскія аўтамабілі, прызвычаіўшыся да якасных самаходаў. У гэтым сэнсе Беларусь бароніць інтарэсы Расеі», - упэўнены Сяргей Антусевіч.

Ён таксама адзначыў, пакуль людзі раз'яднаныя, яны не здольныя абараніць свае інтарэсы.

«Гэта відавочна, і пра гэта сведчаць шмат якія прыклады. Узяць хаця б «Граніт», дзе людзі паспрабавалі аб'яднацца. І хоць нам не ўдалося легалізаваць незалежны прафзвяз, але заробкі ў работнікаў прадпрыемства сталі значна вышэйшымі. Гэта з'яўляецца прыкладам таго, што самаарганізацыя людзей прымушае чыноўнікаў развязваць праблемы. Калі будзе створана арганізацыя таксістаў, то яны будуць уяўляць сабой сілу, і ўлады будуць вымушаныя з гэтым лічыцца і ўступаць у перамовы», - заявіў намеснік старшыні БКДП.

Нагадаем, Мінтранс Беларусі прапануе абмежаваць выкарыстанне аўтамабіляў у якасці таксовак васьмю гадамі.

Больш за палову таксістаў могуць застацца без працы.

Цяпер у Беларусі на рынку перавозак пасажыраў таксоўкамі выкарыстоўваецца пад 16 тысяч легкавікоў. Паводле ацэнкавых звестак, больш за 60% таксовак маюць тэрміны эксплуатацыі больш за 8 гадоў. Выкарыстанне транспарту з доўгім тэрмінам эксплуатацыі патэнцыйна зніжае бяспеку перавозак пасажыраў.

Апошнія навіны