BE RU EN

«Лявада-цэнтр»: Больш паловы расейцаў хочуць новага прэзідэнта

  • 7.05.2013, 15:43

Больш паловы расейцаў хочуць, каб пасля выбараў 2018 года прэзідэнтам Расеі стаў ужо іншы чалавек.

Пра гэта піша «Коммерсант» са спасылкай на сацапытанне, праведзенае «Лявада-цэнтрам».

Мацней усяго антыпуцінскія настроі ў Маскве.

7 траўня 2012 года Уладзімір Пуцін у трэці раз уступіў на пасаду прэзідэнта РФ. Сацыёлагі высветлілі, што у 2018 годзе, яго па-ранейшаму хацелі б бачыць кіраўніком дзяржавы 26% расейцаў. Разам з тым 55% хочуць, каб у Расеі з'явіўся новы лідар: 14% чакаюць, што ён будзе працягваць палітыку прэзідэнта Пуціна, а 41% (сярод масквічоў - 57%) хоча, каб гэты чалавек «прапанаваў іншае рашэнне праблем краіны».

У гэтай групы рэспандэнтаў ёсць цэлы шэраг прэтэнзій да цяперашняга прэзідэнта. 44% лічаць, што трэба больш увагі надаваць пытанням сацыяльнай справядлівасці; 41% незадаволены тым, што «пуцінскія чыноўнікі прыватызавалі ўсю краіну»; 39% лічаць, што Расеі «патрэбны чалавек, які зможа справіцца з карупцыяй». Аднавіць «дэмакратычныя інстытуты, паставіць ўладу пад кантроль грамадства» хочуць 14% незадаволеных рэспандэнтаў; 3% заўважаюць, што «палітыка Пуціна адпавядае інтарэсам самых адсталых слаёў насельніцтва».

У той жа час, па дадзеных сацыёлагаў, лозунгі «Расея без Пуціна» і «Пуцін павінен сысці» ў той ці іншай ступені падтрымліваюць 24% рэспандэнтаў. Гэта на 5% больш, чым у красавіку 2012 года, калі «на хвалі перадвыбарчай кампаніі колькасць людзей, якія давяралі Пуціну, некалькі павялічылася», растлумачыў намеснік дырэктара «Лявада-цэнтра» Аляксей Гражданкін. Сярод маскоўскіх рэспандэнтаў патрабаванне «Расея без Пуціна» застаецца больш папулярным - у сталіцы яго падтрымліваюць 39% апытаных.

Як адзначае выданне, пры незадаволенасці Пуціным і ўладай у цэлым толькі 15% апытаных вераць, што у 2018 годзе прэзідэнтам зможа быць выбраны незалежны палітык. 16% лічаць, што кіраўніком дзяржавы будзе Дзмітрый Мядзведзеў, 19% - іншы «пераемнік», а 31% упэўнены, што прэзідэнтам па-ранейшаму застанецца Пуцін. «Хоць попыт на новага чалавека ёсць, пакуль няма фігуры, якая замяніла б Пуціна. Таму, пакуль не знойдзецца такі чалавек, значная частка незадаволеных будзе мірыцца з тым, што Пуцін застаецца пры ўладзе», - заявіў Гражданкін.

Апошнія навіны