BE RU EN

Дружынніку БРСМ далі 15 гадоў турмы за забойства

  • 7.05.2013, 11:33

Гомельскі абласны суд вынес сёння прысуд па справе аб жорсткім забойстве студэнта першага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.

Адзін з удзельнікаў злачынства прысуджаны да 25 гадоў пазбаўлення волі, другі, якому толькі 5 траўня споўнілася 18 гадоў, - да 15 гадоў зняволення, піша БелаПАН.

Забойства 19-гадовага гамяльчаніна было здзейснена 20 ліпеня 2012 года, падазраваных затрымалі праз некалькі дзён. Імі апынуліся 19-гадовы навучэнец Гомельскага медыцынскага каледжа і 17-гадовы навучэнец Гомельскага каледжа машынабудавання. Абодва раней не судзімыя. Паводле абвінавачання, маладыя людзі здзейснілі забойства з асаблівай жорсткасцю групай асоб, разбой, крадзеж асабістых дакументаў, а таксама наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам.

Абвінавачаныя, адзін з якіх быў знаёмы з ахвярай, позна ўвечары папрасілі студэнта пусціць іх у кватэру абсохнуць пасля дажджу, а затым жорстка забілі яго з мэтай рабавання. Здабычай злачынцаў сталі 1,3 мільёна рублёў, стары ноўтбук, мабільныя тэлефоны, ліхтарыкі, парасон, шкарпэткі, туфлі.

Забойства яны спланавалі загадзя і падрыхтаваліся да яго: узялі нажы, набылі ў аптэцы пальчаткі, глюкозу (па тлумачэнні абвінавачаных, каб «паскорыць рэакцыю»), купілі ў краме перац (каб сабака не ўзяў след). Пасля забойства спрабавалі схаваць сляды злачынства: пры сыходзе адкрылі ўсе фаеркі газавай пліты і духоўкі. Суседзі загінулага адчулі пах газу і выклікалі аварыйную службу.

Загінулы быў адзіным сынам выкладчыка гомельскай гімназіі, з залатым медалём скончыў навучальную ўстанову, быў адным з лепшых студэнтаў першага курса БелДУТ. Родныя і сябры характарызуюць яго толькі са станоўчага боку.

У судзе абвінавачаныя цалкам прызналі сваю віну. Выступаючы з апошнім словам, 17-гадовы абвінавачаны папрасіў прабачэння ў свайго бацькі, яго 19-гадовы саўдзельнік заявіў, што «гатовы прыняць любы прысуд».

Дзевятнадцацігадовы абвінавачваны, навучэнец медкаледжа, захапляўся псіхалогіяй, шмат чытаў, разбіраўся ў медыцыне, займаўся ветразным спортам, раней удзельнічаў у руху скінхэдаў. Яго змоўшчык быў дружыннікам БРСМ. Гаворка ідзе пра моладзевыя атрады аховы правапарадку БРСМ.

Пракурор патрабаваў пакаранне для абвінавачаных: пажыццёвае зняволенне - для паўналетняга і 15 гадоў пазбаўлення волі - для непаўналетняга.

Апошнія навіны