BE RU EN

Брэсцкі суд адмовіў незалежнай журналістцы

  • 7.05.2013, 9:25

Фотакарэспандэнт газеты «Брестский курьер» Мілана Харытонава спрабавала дамагчыся перагляду рашэння суда Маскоўскага раёна Брэста.

Адказчыкам па гэтай справе з'яўляецца карэспандэнт выдання «Брестский вестник» Уладзімір Міневіч, які ў мінулым годзе размясціў абразлівыя каментары ў дачыненні да незалежнай фотажурналісткі на адным з інтэрнэт-парталаў. Суд першай інстанцыі адхіліў пазоў Міланы Харытонавай, спаслаўшыся на тое, што адказчык мае канстытуцыйнае права на свабоду слова, паведамляе ПЦ «Вясна».

6 траўня, падчас разгляду касацыйнай скаргі ў абласным судзе, Мілана Харытонава спрабавала даказаць, што нават у лінгвістычнай экспертызе, зробленай па замове суда, было пазначана, што выкарыстаныя Міневічам выказванні могуць абразіць чалавека, зняважыць яго гонар і годнасць. Тым не менш, абласны суд пакінуў без зменаў рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста.

Незалежная журналістка ўпэўненая, што калі б такія выказванні тычыліся кагосьці з чыноўнікаў ці тых самых суддзяў, справа мела б зусім іншы вынік. Мілана Харытонава паведаміла, што мае намер працягваць абскарджваць, на яе погляд, неабгрунтаванае і палітычна матываванае рашэнне.

Апошнія навіны