BE RU EN

Гамельчука пасадзілі на два гады за збіццё міліцыянта

  • 6.05.2013, 21:35

Жыхар Гомеля асуджаны за супраціў супрацоўніку міліцыі на два гады пазбаўлення волі.

Намеснік пракурора Чыгуначнага раёна Гомеля Уладзіслаў Журакоўскі паведаміў, што маладзён учыніў злачынства ў час адбыцця пакарання за аналагічнае супрацьпраўнае дзеянне. У лістападзе 2011 года абвінавачваны з таварышам зладзілі дэбош у цягніку. Утаймаваць хуліганаў на станцыі Орша прыбылі міліцыянты, піша БелаПАН.

Хуліганы супраціўляліся: накінуліся на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, парвалі ім форму. Іх дзеянні былі расцэненыя як супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў (артыкул 363 КК). Суд Аршанскага раёна прысудзіў дваіх абвінавачаных да аднаго з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Адбываючы пакаранне, абвінавачаныя 8 жніўня 2012 года адправіліся ў Гомелі ў гульнявы клуб, дзе таксама зладзілі дэбош. Ахова выклікала міліцыю. Супрацоўнікі дэпартамента «Аховы» спрабавалі вывесці хуліганаў з гульнявога клуба, але тыя супраціўляліся. Калі дэбашыраў даставілі ў апорны пункт міліцыі, адзін з іх напаў на міліцыянта, прычыніўшы яму лёгкія цялесныя пашкоджанні.

На судзе ён не прызнаў віну і сцвярджаў, што гэта яго збілі міліцыянты. Але, са слоў намесніка пракурора, гэтая інфармацыя не знайшла свайго пацверджання ў ходзе следства і судовых пасяджэнняў.

Апошнія навіны