BE RU EN

КДБ даў справаздачу аб узяцці групы перагоншчыкаў

  • 6.05.2013, 16:56

КДБ паведамляе, што спыненая дзейнасць злачыннай групы па нелегальным увозе мікрааўтобусаў і запчастак.

Камітэтам дзяржбяспекі ўскрытая і сумесна з Камітэтам дзяржкантролю спыненая супрацьпраўная дзейнасць злачыннай групы, якая арганізавала з выкарыстаннем ценявых схем увоз з краін Еўропы і рэалізацыю на тэрыторыі рэспублікі мікрааўтобусаў і буйных партый запасных частак да легкавых аўтамабіляў, паведамляе Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ.

Узбуджаная крымінальная справа па арт.243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў). Арганізатар групы затрыманы, адзначаюць у ЦІГС.

Падчас агляду памяшканняў, якія належаць камерцыйным структурам, чыя дзейнасць кантралявалася жыхаром Менска, выяўленыя і канфіскаваныя незаконна выведзеныя з абароту наяўныя фінансавыя сродкі ў памеры каля Br3 млрд і больш за $500 тыс., накладзены арышт на больш чым 60 фактычна новых мікрааўтобусаў замежнай вытворчасці, гаворыцца ў паведамленні КДБ.

У КДБ паведамілі, што няўлічаныя наяўныя грашовыя сродкі, атрыманыя за рэалізацыю тавару, уключаліся ў абарот у сферы незаконных фінансавых аперацый. У прыватнасці, выкарыстоўваліся для аказання паслуг іншым арганізацыям па атрыманні наяўных фінансавых сродкаў, якія знаходзяцца на іх банкаўскіх рахунках, удакладнілі ў ЦІГС.

«Устаноўлена, што арганізатар злачыннай групы валодае шэрагам дарагіх аб'ектаў нерухомасці, у тым ліку ў адной з краін Аравійскага паўвострава, а таксама буйнымі рахункамі фінансавых сродкаў у замежных банках», - адзначылі ў КДБ.

Таксама адпрацоўваюцца версіі аб датычнасці да функцыянавання злачыннай схемы службовых асоб органаў дзяржаўнага кіравання рэспублікі.

Апошнія навіны