BE RU EN

Лукашэнка і Пуцін абмяркуюць авіябазу і крэдыт на сустрэчы ў Сочы

  • 6.05.2013, 13:19

У ходзе нефармальнай сустрэчы двух кіраўнікоў, якая можа адбыцца ў Сочы, будуць абмяркоўвацца няпростыя беларуска-расейскія адносіны.

Такое меркаванне выказаў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, каментуючы сайту charter97.org візіт беларускага дыктатара ў Сочы.

«Існуе інфармацыя, што да 10 траўня павінна адбыцца сустрэча Лукашэнкі і Пуціна з-за хакейнага матчу, на які беларускага кіраўніка, як паведамляюць СМІ, запрасіў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Хакей хакеем, але ў ходзе гэтага візіту ў чарговы раз будуць абмяркоўвацца няпростыя двухбаковыя адносіны. Тым, хто назірае за дадзеным міждзяржаўным спектаклем, больш ці менш стане ясна, ці будзе адкрыта расейская ваенная база ў Беларусі. Бо Шайгу кажа, што яе размяшчэнне плануецца, а Лукашэнка сцвярджае, што людзі ўсё не так зразумелі. Таму Пуцін павінен паставіць у гэтым пытанні кропку», - лічыць палітычны аглядальнік.

Ён упэўнены, што падчас гэтай нефармальнай сустрэчы, безумоўна, будзе абмяркоўвацца вылучэнне Беларусі дадатковага расейскага крэдыту ў 2 мільярды даляраў, па якім не была дасягнутая дамоўленасць ў ходзе сакавіцкай сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу.

«Якія будуць вынікі перамоваў па гэтым пытанні, мы даведаемся крыху пазней. Варта адзначыць, што адбылася невялікая блытаніна з датамі візіту. Раней гаварылася пра тое, што Лукашэнка быццам бы ўжо паляцеў у Сочы, але пры гэтым чамусьці адкрываў «Прэзідэнт-гатэль». На дадзены момант пра сустрэчу двух кіраўнікоў ніхто асабліва не кажа, але на гэтым тыдні нас чакае такая падзея. Дадам, што па праваслаўным календары сёння адкрыліся вароты ў рай. Можа быць, «вароты ў рай» камусьці адкрыюцца і ў Сочы», - сказаў на заканчэнне Раман Якаўлеўскі.

Нагадаем, на Усерасейскім фестывалі аматарскага хакея, які пройдзе ў Сочы з 3 па 10 траўня, выступіць каманда беларускага дыктатара, якую ўзначаліць асабіста Лукашэнка.

Беларускі бок атрымаў запрашэнне ад міністра абароны Расейскай Федэрацыі Сяргея Шайгу, які нядаўна наведваў Менск.

Апошнія навіны