BE RU EN

Рада БНР патрабуе расследаваць інцыдэнт са сцягам

  • 6.05.2013, 11:40

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае Швецыю расследаваць дзеянні ахоўнікаў, які не дазволілі развярнуць на трыбуне чэмпіянату свету па хакеі вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

«5 траўня на чэмпіянаце свету па хакеі ў Швецыі асобамі ва ўніформе былі ўжытыя гвалтоўныя дзеянні супраць актывістаў арганізацыі «Беларуская нацыянальная памяць», якія развярнулі бел-чырвона-белы сцяг. Пры гэтым яны спасылаліся на нібыта палітычны характар сцяга.

Рада БНР сведчыць, што бел-чырвона-белы сцяг не з'яўляецца сімвалам якой-небудзь палітычнай партыі - ён з'яўляецца дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь», - гаворыцца ў заяве Рады БНР.

Рада БНР звяртае ўвагу, што лукашэнкаўскі рэжым змяніў сімволіку пасля так званага «рэферэндуму» 1995 года.

«Менавіта гэты «рэферэндум» быў пачаткам татальнага наступу на законнасць, дэмакратыю і правы чалавека. Ён быў прызначаны і праведзены з грубымі парушэннямі Канстытуцыі і законаў Беларусі. Падчас прызначэння рэферэндуму ў зале парламента групай КДБ былі жорстка збітыя 19 дэпутатаў апазіцыі Беларускага Народнага Фронту. У ходзе агітацыі і галасавання былі зафіксаваныя парушэнні на кожным участку, дзе прысутнічалі незалежныя назіральнікі. Усё гэта дало падставы лічыць прававыя наступствы так званага «рэфэрэндуму» нелегітымнымі. Вынікі гэтага «рэфэрэндуму» так і не зацвердзіў парламент, падчас кадэнцыі якога ён праводзіўся.

Акрамя таго, бел-чырвона-белы сцяг з'яўляецца гістарычным беларускім сімвалам, і дзеянні, якія былі ўжытыя на чэмпіянаце свету, з'яўляюцца абразай нацыянальнага гонару і годнасці», - гаворыцца ў заяве.

Рада БНР заклікае адпаведныя органы Швецыі правесці расследаванне ў дачыненні да асоб ва ўніформе і прыняць меры ў адпаведнасці з законам, а Міжнародную хакейную федэрацыю - гарантаваць павагу да дзяржаўных сімвалаў і захаванне правоў чалавека падчас спаборніцтваў.

Рада БНР таксама пратэстуе супраць выказыванняў старшыні Беларускай федэрацыі хакея Яўгена Ворсіна, які ў інтэрв'ю журналістам дапусціў сумніўныя словы ў дачыненні да заўзятараў з цёмным колерам скуры.

«Такія выказванні, мала таго што недапушчальныя ў цывілізаваным свеце, але да таго ж супярэчаць самому духу алімпійскага руху, у аснове якога - расавая роўнасць і адсутнасць дыскрымінацыі па расавай або нацыянальнай прыналежнасці», - падсумавала Рада БНР.

Апошнія навіны