BE RU EN

Барыс Жэліба: «Кітай-горад» пад Менскам - утапічны праект

  • 29.05.2013, 12:50

Беларускія ўлады не разумеюць наступстваў будаўніцтва кітайскага прамысловага цэнтра.

Такое меркаванне выказаў эканаміст Барыс Жэліба, каментуючы сайту charter97.org будаўніцтва кітайскага горада пад Менскам.

«Тут прысутнічае шэраг аспектаў, якія прымушаюць сумнявацца ў неабходнасці гэтых пачынанняў. Праект даволі маштабны, але ён не ўлічвае шэраг рэчаў: напрыклад, экалагічны фактар. Прапануецца высечкчы лясы немалой плошчы, якія маюць важнае экалагічнае значэнне. Яны аднесеныя да лясоў першай групы», - адзначыў навуковец.

Ён таксама падкрэсліў, што не ўлічанае жаданне людзей.

«Улады кажуць, што дачныя пасёлкі не падпадаюць пад знос, але я лічу, што частку лецішчаў і вёсак могуць знесці. Важны момант заключаецца і ў тым, ці прынясуць кітайцы ў Беларусь сучасныя тэхналогіі, якія ёсць на Захадзе», - дадаў эксперт.

Эканаміст упэўнены, што дадзены праект недастаткова прапрацаваны.

«Журналісты задаюць уладам пытанні, што гэта будзе і ў што абернецца. Але ні ад аднаго чыноўніка мы не пачулі выразнага адказу. У мяне склалася ўражанне, што ўлады самі не ведаюць, будзе ад гэтага больш карысці ці шкоды», - адзначыў Барыс Жэліба.

Навуковец падкрэсліў, што Беларусь ужо спрабавала рэалізаваць падобныя праекты з Іранам.

«Было больш размоў, прапаганды і рэкламы, а на справе нічога не атрымалася. І рызыка таго, што і ў гэты раз будзе тое ж самае, вельмі вялікая. Не варта забываць, што на гэта коса глядзіць Масква. Беларусь хоча зрабіць з Кітаем аўтамабіль Geely і разлічвае на расейскі рынак. Але расейцы добра далі зразумець, што яны не збіраюцца прадаваць гэтыя аўто на сваім рынку. Беларускія ўлады наўмысна развіваюць супрацоўніцтва з Кітаем для нейкага самазадавальнення, каб залежаць ад Расеі хоць бы на 90%, а не на ўсе 100%», - сказаў на заканчэнне Барыс Жэліба.

Нагадаем, «Кітай-горад» павінен з'явіцца сярод лясоў недалёка ад беларускай сталіцы.

На думку яго стваральнікаў, рэалізацыя гэтага праекта павінна стаць прамысловым трамплінам у ЕЗ для Пекіна.

Апошнія навіны