BE RU EN

Палітвязню Лобаву ў калоніі адмаўляюць у лячэнні зубоў

  • 2.05.2013, 17:28

Начальства Івацэвіцкай калоніі № 22 больш за паўтары гады не дае палітычнаму вязню Эдуарду Лобаву магчымасці залячыць зубы.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміла яго маці Марына Лобава.

«Я дамовілася з адвакатам з'ездзіць у калонію 8 траўня, калі Эдуард да таго часу не пазвоніць і не аб'явіцца. Апошні званок быў у першых чыслах красавіка, у якім ён паведаміў, што даслаў ліст. Але ён да гэтага часу не дайшоў», - адзначыла маці палітвязня.

Яна падкрэсліла, што сын яшчэ ў сакавіку запісаўся на прыём да стаматолага.

«Яму, павінны былі паставіць пломбы, але з апошняй тэлефоннай размовы я даведалася, што зубы да гэтага часу не запламбаваныя. Я спрабавала даведацца прычыну, але Эдуард сказаў: «Вельмі доўга тлумачыць». Так што з медыцынскім забеспячэннем ў Івацэвіцкай калоніі па-ранейшаму дрэнна», - падагульніла Марына Лобава.

Нагадаем, маладафронтавец Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады калоніі па абвінавачанні ў хуліганстве, ён адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі. Яго і лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча абвінавацілі ў тым, што яны нібыта збілі мінакоў у Менску. Гэта здарылася за дзень да прэзідэнцкіх выбараў. У судзе «пацярпелыя» давалі паказанні, схаваўшы твары ад публікі. Лобаў і Дашкевіч заявілі, што бойку справакавалі спецслужбы.

Апошнія навіны