BE RU EN

Паўночная Карэя запусціла чацвёртую ракету за два дні

  • 19.05.2013, 20:39

КНДР здзейсніла са свайго ўсходняга ўзбярэжжа запусканне ракеты малой далёкасці.

Пра гэта паведамляе Agence France-Presse са спасылкай на міністэрства абароны Паўднёвай Карэі. Гэта ўжо чацвёртае запусканне такога кшталту, здзейсненае КНДР за апошнія два дні, піша Lenta.ru.

Яшчэ тры ракеты малой далёкасці паўночнакарэйскія вайскоўцы запусцілі ў суботу там жа, на ўсходнім узбярэжжы, усе ракеты ўпалі ў Японскім моры. «Мы шкадуем, што Поўнач не спыняе правакацыйныя дзеянні, такія як учорашняе запусканне кіраваных ракет», - заявіў у сувязі з гэтым прадстаўнік паўднёвакарэйскага міністэрства аб'яднання.

Апошнімі месяцамі на Карэйскай паўвыспе захоўваецца напружанасць, якая ўзнікла, з аднаго боку, праз выпрабаванні Пхеньянам ядзернай зброі і запусканне паўночнакарэйскай ракеты ў космас, а з другога - праз маштабныя супольныя вучэнні Паўднёвай Карэі і ЗША. Новыя ракетныя запусканні выклікаюць устурбаванасць і Сэула, і Вашынгтона: у сярэдзіне траўня Пэнтагон заявіў, што ў распараджэнні КНДР ёсць да дзвюхсот мабільных пускавых установак для ракет «Скад», «Надон» і «Мусудан».

Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун заклікаў Паўночную Карэю ўстрымацца ад запускання ракет і вярнуцца за стол перамоў аб ядзернай праграме, перадае BBC.

«Я спадзяюся, што КНДР устрымаецца надалей ад гэткіх дзеянняў. Ім пара вярнуцца да дыялогу і знізіць напружанасць. ААН гатовая ў гэтым дапамагчы», - сказаў генеральны сакратар, які знаходзіцца ў Маскве з візітам.

Апошнія навіны