BE RU EN

Журналістцы «КП» давялося выбачыцца перад лібэраламі

  • 19.05.2013, 13:02

Журналістка расейскай газэты «Комсомольская правда» Ульяна Скайбеда сцвярджала, што шкадуе пра тое, што продкі лібэралаў не былі забітыя нацыстамі падчас вайны.

«У палемічным запале дапусціла некарэктнае выказванне», - так Скайбеда патлумачыла з'яўленне тэксту, у якім было сказана (цытата): «Часам шкадуеш, што з продкаў сённяшніх лібэралаў нацысты не нарабілі абажураў. Менш было б праблем».

Матэрыял нарабіў шмат гуку, Роскомнадзор вынес «Комсомольскай правде» папярэджанне, бо выснаваў, што публікацыя парушае закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе «Эхо Москвы».

Сама Скайбеда выбачылася перад усімі, каго пакрыўдзіла. І заявіла, што гэта не яе грамадзянская пазіцыя, тым больш не пазіцыя газэты. З ейных слоў, яна меркавала, што ўсяго толькі нагадвае «расцугляным апанэнтам», што менавіта было б з іхнымі продкамі, калі б Чырвонае войска не прынесла ім вызвалення: «і газэнвагены, і чорны дым печаў у канцлагерах».

Скандальны артыкул Скайбеды з'явіўся ў адказ на словы Леаніда Гозмана, які параўнаў контрвыведку СМЕРШ з аддзеламі СС. На ягоную думку, іх адрознівае толькі наяўнасць прыгожай формы ў СС. Гозман за гэтую фразу не выбачаўся, Дзярждума даручыла тром камітэтам праверыць ягонае выказванне.

Скайбеда таксама пісала, што людзі з лібэральнымі поглядамі «аплёўваюць усё, што звязанае з вайной». Журналістка сцвярджала, што дзейнасць лібэралаў з'яўляецца шкоднай, і задавала пытанне, ці не хочуць спецслужбы ўспомніць досвед «Смерша».

Апошнія навіны