BE RU EN

Сяргей Маскевіч: Балонскі працэс - гэта «вымыванне мазгоў»

  • 17.05.2013, 15:49

Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч раскрытыкаваў Балонскі працэс.

Падчас свайго выступлення ў «палаце прадстаўнікоў» ён апісаў адмоўныя наступствы «ўцечкі мазгоў», перадае БелТА.

«Балонскі працэс - гэта не самамэта. Гэта новыя магчымасці, якія адкрываюцца для ўзаемадзеяння на ўзроўні ўдзелу ў агульнаеўрапейскіх праграмах, праграмах мабільнасці перш за ўсё. Але для нас нацыянальны інтарэс вышэй за агульнаеўрапейскі», - сказаў міністр.

Сяргей Маскевіч падкрэсліў, што ўдзел студэнтаў у такіх праграмах мае не толькі станоўчыя, але і адмоўныя бакі, напрыклад «вымыванне мазгоў».

І ўсё ж, па словах чыноўніка, калі «будзе з іншага боку жаданне фармалізаваць уступленне Беларусі ў Балонскі працэс - мы гатовыя».

Міністр заявіў, што Беларусь максімальна выкарыстоўвае двухбаковыя сувязі і розныя праграмы, напрыклад з Украінай. Маскевіч прадставіў у «парламенце» законапраект аб ратыфікацыі міжурадавага беларуска-украінскага пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне вышэйшай і паслявузаўскай (паслядыпломнай) адукацыі. Пагадненне было падпісанае 23 кастрычніка 2012 года ў Кіеве. Яно прадугледжвае садзейнічанне штогадовым абменам на студэнцкім узроўні, а таксама на ўзроўні аспірантаў і дактарантаў, навукова-педагагічных і навуковых работнікаў.

Раней рэктар БДУ Сяргей Абламейка заяўляў пра тое, што рашэнне аб далучэнні Беларусі да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі перамясцілася сёння ў палітычную плоскасць.

На сённяшні дзень удзельнікамі Балонскага працэсу з'яўляюцца 47 краін, у тым ліку Расея, якая далучылася да яго ў 2003 годзе, Азербайджан, Арменія, Грузія, Украіна (уступілі ў 2005 годзе) і іншыя. Самым «маладым» удзельнікам Балонскага працэсу лічыцца Казахстан (уключаны ў спіс у 2010 годзе).

Апошнія навіны