BE RU EN

Хакейныя амбіцыі дыктатара б'юць па бюжету

  • 17.05.2013, 7:27

Выдаткі на хакей перавысілі бюджэт развіцця вышэйшай адукацыі.

На дзяржпраграму развіцця хакея (2011-2014 гады) плануецца выдаткаваць каля 259 млрд. рублёў. Гэта грошы на падрыхтоўку трэнераў, прапаганду, арганізацыю спаборніцтваў і іншае. Будаўніцтва лядовых палацаў і спонсарства ад дзяржпрадпрыемстваў тут не ўлічваюцца, перадае «Еўрарадыё».

Параўнаем хакейную дзяржпраграму з іншымі. На развіццё вышэйшай адукацыі (2011-2015 гады) плануюць выдаткаваць прыкладна 230 млрд. рублёў.

12-гадовая дзяржпраграма падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі пры тым, што Беларусь будуе АЭС, каштуе каля 54 млрд. рублёў - амаль у пяць разоў менш, чым хакей.

Нават нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі (на 2011-2015 гады) апынулася значна менш актуальнай, чым хакей - каля 186 млрд. рублёў.

Тым часам наша зборная па хакеі трэці год запар дэманструе жалезную «стабільнасць» на чэмпіянатах свету - 14-е месца. Гуляюць на мяжы вылету з эліты.

Журналісты паспрабавалі высветліць, чаму высокія выдаткі не ўплываюць на вынік выступлення каманды.

«Вы стварылі каманду для КХЛ («Дынама-Менск»). І атрымліваецца, што вы яе стварылі для фінаў, амерыканцаў, канадцаў, чэхаў і славакаў, - пералічвае спецыяліст. - Сваіх жа гульцоў там мала. Трэба было зрабіць так, як казахі. Яны цяпер усіх сваіх падцягваюць у каманду, якая гуляе ў КХЛ («Барыс» з Астаны). Там было 12 легіянераў. Потым іх стала пяць, у выніку засталіся трое. Легіянераў замянілі сваімі. І нічога, свае на тым жа ўзроўні зайгралі. Далі ім шанец, і гульцы сталі вядучымі ў камандзе. Вось і вы павінны ў «Дынама» пакінуць пяць легіянераў - адно звяно - і тры пяцёркі сваіх гульцоў. І вашы хлопцы вельмі хутка вырастуць, асабліва маладыя. Літаральна за 4-5 месяцаў выйдуць на ўзровень КХЛ і будзе ім лёгка там гуляць», - кажа Уладзімір Каркуноў, самы паспяховы трэнер зборнай Беларусі.

Яго пазіцыю наконт беларусізацыі «Дынама-Менск» падтрымлівае вядомы беларускі хакейны спецыяліст, трэнер «Шахцёра» Андрэй Гусаў.

«Я так і думаў, што на чэмпіянаце месца будзе з 12-га па 16-е. Адна з прычын, што не сталі цярпець беларусаў у менскім «Дынама». Пайшлі па шляху, што трэба як мага больш легіянераў - і такім чынам з'явіцца вынік. Атрымалася, што беларускія гульцы ў «Дынама» на другіх ролях, яны выглядаюць нічым не лепш гульцоў з унутранага чэмпіянату. У той жа час, узровень унутранага чэмпіянату моцна пагоршыўся за кошт увядзення межаў - на легіянераў і ўзроставай», - кажа ён.

Апошнія навіны