BE RU EN

Кангрэс IIHF можа разгледзець перанос ЧС па хакеі

  • 16.05.2013, 10:49

На кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея, магчыма, будзе ўзнятае пытанне аб правядзенні чэмпіянату свету па хакеі ў Менску.

Кангрэс адкрываецца сёння ў Стакгольме.

Нагадаем, многія еўрапейскія палітыкі і праваабарончыя арганізацыі неаднаразова выказваліся супраць правядзення сусветнага першынства ў Менску ў 2014 годзе.

Напярэдадні кангрэса МФХ парламентары з Даніі і Швецыі запатрабавалі адмены Чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі.

Яны заклікалі Міжнародную федэрацыю хакея адклікаць рашэнне аб правядзенні турніру ў Менску на кангрэсе, які праходзіць зараз.

«Беларусь з'яўляецца апошняй дыктатурай і адзінай краінай у Еўропе, дзе працягваюць выносіць і прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды. Судовыя працэсы адвольныя, у турмах практыкуюцца катаванні, у краіне адсутнічае павага асноўных правоў чалавека. З самага пачатку мы крытычна ставіліся да таго, што Беларусь і яе дыктатар Лукашэнка ў наступным годзе атрымаюць магчымасць правядзення гэтага важнага мерапрыемства. Усё выглядае так, як быццам гэта спартыўны турнір. Але на самай справе, яго арганізацыя - пытанне палітычнага прэстыжу для Лукашэнкі. Калі свет пагодзіцца з правядзеннем чэмпіянату свету ў Беларусі, значыць ён згодны з рэпрэсіямі, якія праводзіць рэжым супраць насельніцтва краіны», - гаварылася ў заяве парламентараў.

Больш за тое, некаторыя краіны прыгразілі байкатаваць чэмпіянат у выпадку яго правядзення ў Менску з-за рэпрэсій, якія ажыццяўляюць беларускія ўлады.

Апошнія навіны