BE RU EN

Дзіўная гібель спадчынніка Усманава ва Узбекістане

  • 10.05.2013, 15:58

Пахаванне Бабура Усманава, пляменніка расейскага алігарха Алішэра Усманава, які загінуў на днях у аўтакатастрофе, спарадзіла ў Ташкенце хвалю чутак і падазрэнняў.

Яны распаўсюджваюцца на фоне практычна поўнай адсутнасці афіцыйнай інфармацыі, перадае BBC.

Бабур Усманаў лічыўся спадчыннікам Алішэра Усманава (на фота) і яго любімым пляменнікам.

Сродкі масавай інфармацыі са спасылкай на ананімную крыніцу ў дарожна-транспартнай міліцыі Ташкента паведамляюць, што аварыя адбылася ў 5 раніцы ў цэнтры горада.

Ёсць інфармацыя, што Бабур вяртаўся з дня нараджэння сябра нібыта ў стане моцнага алкагольнага ап'янення. Разам з ім у машыне была дзяўчына, якая таксама загінула.

Бабур Усманаў у асноўным пражываў у Швейцарыі са сваёй жонкай і дачкой.

У Ташкент ён прыехаў на вяселле сваёй стрыечнай сястры Асаль Нарзіевай, якое павінна было адбыцца 10 траўня.

У Алішэра Усманава, які нядаўна быў названы самым багатым чалавекам Брытаніі, няма дзяцей, таму ён абраў Бабура, сына свайго брата, сваім пераемнікам.

Бабур атрымаў фінансавую адукацыю ў Швейцарыі і вёў справы дзядзькі за мяжой.

Па словах відавочцаў, якія прысутнічалі на пахаванні, Алішэр Усманаў, які тэрмінова прыляцеў у Ташкент з Масквы, быў забіты горам і ледзь трымаўся.

Афіцыйных заяваў з боку ўладаў Узбекістана зроблена не было і, здаецца, не будзе.

Заявы з боку самога Алішэра Усманава таксама не было.

Сваяцкія сувязі

Адсутнасць афіцыйнай інфармацыі спараджае рознага роду чуткі і падазрэнні, што тое, што здарылася, не было простай аварыяй.

Падрабязнасцяў вядома мала, у асноўным са словаў блізкіх сваякоў, а не відавочцаў. Дарэчы, узнікае пытанне, ці ёсць яны?

Вуліцы Ташкента звычайна пустуюць раніцай і, цалкам магчыма, Бабур Усманаў ехаў па пустой дарозе.

Дзяўчына, якая была ў машыне разам з Бабурам, была дастаўленая ў бальніцу, дзе памерла ад атрыманых траўм.

Бабур Усманаў быў жанаты на пляменніцы цяперашняга прэм'ер-міністра Узбекістана Шаўката Мірзіяева - аднаго з галоўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Узбекістана.

Крыніцы, блізкія да кіраўніка Узбекістана, сцвярджаюць, што роднасны саюз паміж Мірзіяевым і Усманавым выклікаў незадаволенасць Іслама Карымава і яго бліжэйшага атачэння.

Трагічная аўтакатастрофа, у якой загінуў пляменнік магутнага расейскага алігарха і блізкі сваяк узбекскага прэм'ера, адбылася на фоне пагаршэння здароўя кіраўніка і барацьбы за ўладу сярод палітычнай эліты.

Галоўнымі прэтэндэнтамі на вышэйшую пасаду краіны з'яўляюцца згаданы прэм'ер Мірзіяеў, віцэ-прэм'ер Рустам Азімаў і дачка кіраўніка Гульнара Карымава.

Нават калі тое, што адбылося, з'яўляецца няшчасным выпадкам, а не заказным забойствам, як мяркуюць многія ва Узбекістане, гэта нанясе ўдар не толькі па Алішэру Усманаву, які страціў пляменніка, якога ён гадаваў ў якасці пераемніка, але і па прэм'ер-міністру, сям'ю якога напаткала вялікае гора. Акрамя таго, гэта ўдарыць і па адносінах паміж Усманавым і Мірзіяевым, якія больш не з'яўляюцца сваякамі.

Мізэрная інфармацыя, якая паступае з Ташкента, толькі падлівае алею ў агонь чутак і здагадак.

Апошнія навіны