BE RU EN

Тэлеканал «Россия»: Лукашэнка шантажаваў Ельцына ядзернай зброяй

  • 1.05.2013, 14:53

Барыс Ельцын у 1996 годзе быў гатовы падтрымаць Вярхоўны Савет Беларусі ў супрацьстаянні з Лукашэнкам.

Пра гэта сцвярджае журналіст Мікалай Сванідзэ ў сваім фільме «Гістарычныя хронікі», які прысвечаны першаму прэзідэнту Расеі.

«Лукашэнка ў жніўні 1996 года прызначае рэферэндум аб змене Канстытуцыі і ўвядзенні прэзідэнцкай рэспублікі. Гэта паваротны момант на шляху Лукашэнкі да адзінаасобнай улады. Апазіцыя прапануе перамовы. Лукашэнка душыць. З прычыны абвастрэння сітуацыі ў Беларусі з Масквы прыязджае кіраўнік Савета бяспекі Расеі генерал Аляксандр Лебедзь. Ён кажа Лукашэнку: «Масква не дапусціць сілавога вырашэння канфлікту паміж беларускім парламентам і прэзідэнтам». Лукашэнка адказвае: «Але да канца 1996 года з Беларусі павінна быць выведзеная ядзерная зброя. Калі Масква мяне не падтрымае, «Таполі» могуць застацца ў Беларусі».

Масква ў апошні момант падтрымае Лукашэнку. І гэта будзе плата за вывад ракет. У 2010-м годзе Аляксандр Лукашэнка заявіць, што вывад ядзернай зброі з Беларусі быў яго вельмі жорсткай памылкай», - гаворыцца ў фільме.

«Гістарычныя хронікі» выйшлі ў эфір тэлеканала Расея на мінулым тыдні. Фільм змаглі ўбачыць і беларускія гледачы: цэнзары «прамаргалі» скандальныя выкрыцці аб тым, як на самой справе Лукашэнку ў 1996 годзе ўдалося пазбегнуць імпічменту.

Нагадаем, афіцыйныя прапагандысты нядаўна пагражалі выхадам нашай краіны з Будапешцкага мемарандума, што дазволіла б вярнуць ядзерную зброю.

У прыватнасці, пра гэта заявіў палітолаг Юрый Шаўцоў. Паводле яго слоў, такім чынам Менск можа адказаць на санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і алігархаў, уведзеныя з-за парушэнняў правоў чалавека, фальсіфікацыі выбараў і пераслед апазіцыі.

Апошнія навіны