BE RU EN

КНДР рыхтуе новае ядзернае выпрабаванне

  • 8.04.2013, 9:49

Улады Паўднёвай Карэі папярэдзілі пра тое, што КНДР, магчыма, вядзе падрыхтоўку да чацвёртага ядзернага выпрабавання.

Паўднёвакарэйскі міністр па справах аб'яднання Рэ Кіль Чжэ заявіў на парламенцкіх слуханнях у панядзелак, што на галоўным паўночнакарэйскім ядзерным палігоне назіраецца павышаная актыўнасць. Па словах міністра, сітуацыя нагадвае тую, што папярэднічала трэцяму ядзернаму выпрабаванню, якое адбылося 12 лютага гэтага года.

У панядзелак паўднёвакарэйская газета «Чунан Ільбо» паведаміла са спасылкай на неназванага прадстаўніка ўрада ў Сеуле, што выведка Паўднёвай Карэі заўважыла больш актыўны рух людзей і машын на ядзерным палігоне на паўночна-ўсходзе КНДР, перадае ВВС.

Па словах крыніцы газеты, Паўднёвая Карэя старанна сочыць за сітуацыяй і спрабуе зразумець, ці сапраўды мы назіраем падрыхтоўку да ядзернага выпрабавання або проста маем справу са спробай узмацніць ціск на нас і ЗША.

Пасля лютаўскага ядзернага выпрабавання ААН наклала новыя жорсткія санкцыі на Паўночную Карэю. У адказ Пхеньян выступіў з шэрагам агрэсіўных заяў, у тым ліку з пагрозамі ўжыць ядзерную зброю і аднавіць працу ядзернага рэактара.

У канцы мінулага тыдня Паўночная Карэя папярэдзіла, што не гарантуе бяспеку дыпламатычных місій на сваёй тэрыторыі ў выпадку пачатку ваенных дзеянняў.

Раней Пхеньян адключыў гарачую тэлефонную лінію паміж ваеннымі камандаваннямі дзвюх Карэй.

Апошнія навіны