BE RU EN

Microsoft абвінаваціла менскіх прадаўцоў кампутараў у пірацтве

  • 5.04.2013, 16:10

Карпарацыя Microsoft завяршыла першы этап маніторынгу беларускіх кампаній, якія гандлююць кампутарнай тэхнікай, на прадмет устаноўкі імі неліцэнзійных копій праграмных прадуктаў.

У снежні 2012 года офіс Microsoft у Беларусі запусціў праграму Mystery Shopper («Таемны пакупнік»), мэтай якой быў збор інфармацыі аб узроўні кампутарнага пірацтва сярод кампаній, якія ажыццяўляюць рэалізацыю кампутарнай тэхнікі, а таксама маніторынг узроўню прававой дасведчанасці персаналу кампаній-рэсэлераў ПК па пытаннях абароны аўтарскіх правоў і процідзеяння кампутарнаму пірацтву, паведамляе БелаПАН.

Як паведамілі ў агенцтве PR-Labs, падчас першага этапу былі ажыццёўлены 160 візітаў «таемных пакупнікоў» у восем найбуйнейшых рознічных сетак.

Па выніках маніторынгу зроблены вывад аб тым, што ў параўнанні з пачаткам 2012 года ў цэлым назіраецца пазітыўны трэнд зніжэння колькасці прапаноў пірацкага праграмнага забеспячэння (ПЗ), аднак у палове правераных гандлёвых кропак па-ранейшаму ажыццяўляецца адкрыты продаж кампутарнай тэхнікі з пірацкімі копіямі і гандлёвы персанал адкрыта займаецца ўстаноўкай пірацкіх праграм непасрэдна ў краме.

«Высокі паказчык узроўню кампутарнага пірацтва ў Беларусі - 87% у 2011 годзе па дадзеных BSA і IDC - таксама з'яўляецца і следствам нізкага ўзроўню прававой дасведчанасці як прадаўцоў, так і пакупнікоў кампутараў аб рызыках распаўсюджвання і выкарыстання неліцэнзійнага ПЗ», - адзначае Яўген Данілаў, дырэктар па ліцэнзаванні Microsoft у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Кропкі продажаў кампутараў з'яўляюцца адной з асноўных крыніц з'яўлення пірацкага ПА на кампутарах. Прадаўцы ў адкрытай ці прыхаванай форме прапануюць пакупнікам «зэканоміць» за кошт устаноўкі неліцэнзійнага ПЗ, у тым ліку беручы за гэта з пакупнікоў асобную плату. Маніторынг паказаў, што ў 28 выпадках пакупнікам прапаноўваліся «дэманстрацыйныя версіі» аперацыйнай сістэмы Microsoft Windows, а ў 20 выпадках гандлёвы персанал прапаноўваў устанавіць любое ПЗ за асобную плату.

Як адзначаюць прадстаўнікі Microsoft, прадаўцы, карыстаючыся нізкім узроўнем дасведчанасці пакупнікоў ПК, часцяком прапаноўваюць устанавіць нібыта «дэмаверсію» прадукту, якая на самай справе з'яўляецца мадыфікаванай і пірацкай копіяй прадукту.

«Microsoft не займаецца распаўсюдам «дэманстрацыйных версій» сваіх аперацыйных сістэм і пакетаў офісных прыкладанняў праз рознічную сетку, акрамя спецыяльна абумоўленых выпадкаў. Адсутнасць сертыфіката сапраўднасці прадукту або адсутнасць суправаджальнай дакументацыі і ўстановачнага носьбіту з ключом актывацыі ў камплекце з ПК з'яўляецца сур'ёзнай падставай для сумневу ў яго сапраўднасці і правамоцнасці прадаўца ПК ажыццяўляць яго ўстаноўку», - адзначае Вераніка Сянько, менеджэр па стратэгіях і праграмах развіцця партнёраў Microsoft у Беларусі .

Па выніках праведзенай работы і з улікам сабраных дадзеных Microsoft плануе адрасаваць праблему кампутарнага пірацтва асабіста кіраўнікам тых кампаній, дзе візіты «таемных пакупнікоў» выявілі прапановы з боку прадаўцоў аб набыцці ПК з пірацкім ПЗ у схаванай або адкрытай форме. Маніторынг рынку Беларусі праз «таемных пакупнікоў» будзе працягнуты, пашыраючы ахоп і геаграфію.

Апошнія навіны