Беларусы будуць пікетаваць галоўны офіс канцэрна «Škoda»
- 4.04.2013, 17:51
Пікет у чэшскім горадзе Млада-Баляслаў пройдзе ў Дзень салідарнасці 16 красавіка.
Арганізатарам акцыі выступіла «Асацыяцыя за мадэрнізацыю». Кіраўніцтва аўтаканцэрна папярэдзілі аб правядзенні пікету, папярэдне паслаўшы ім ліст, які быў падпісаны старшынёй арганізацыі былым кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам.
Пікет адбудзецца 16 красавіка з 14 да 16 гадзін на вуліцы Václava Klimenta, 869. Галоўным лозунгам пікету будзе «Škoda», не падтрымлівай рэжым Лукашэнкі».
«Škoda» з'яўляецца генеральным спонсарам сусветнага хакейнага чэмпіянату, правядзенне якога запланавана ў 2014 годзе ў Беларусі. Гэта фактычна будзе азначаць фінансавую падтрымку існуючага дыктатарскага рэжыму, што, акрамя ўсяго іншага, з'яўляецца пагрозай для рэпутацыі чэшскай фірмы. У траўні 2013 у горадзе Стакгольме павінна адбыцца чарговая нарада міжнароднай хакейнай федэрацыі, дзе будзе абмяркоўвацца магчымасць яго пераносу ў іншую краіну.
Арганізатары акцыі паведамілі сайту charter97.org, што кіраўніцтву аўтаканцэрна будзе накіраваная петыцыя, у якой заяўляецца аб недапушчальнасці правядзення сусветнага хакейнага чэмпіянату да таго часу, пакуль у Беларусі застаюцца за кратамі палітвязні. Петыцыя падпісаная 10 міжнароднымі арганізацыямі і больш чым 16 тысячамі чалавек.
Супраць правядзення Чэмпіянату свету па хакеі ў Менску ў 2014 годзе выступаюць праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі. Ідэю пераносу турніру падтрымалі многія еўрапейскія і амерыканскія палітыкі. Некаторыя краіны прыгразілі байкатаваць чэмпіянат у выпадку яго правядзення ў Менску з-за рэпрэсій, якія ажыццяўляюць беларускія ўлады.
Фота з архіву