BE RU EN

Смаленскія ўлады - супраць помніка Качыньскаму

  • 4.04.2013, 13:30

Улады Смаленскай вобласці выступілі супраць будаўніцтва памятнага знака на месцы гібелі Леха Качыньскага.

Яны ўпэўненыя, што вялікая плошча комплексу будзе раздражняць мясцовае насельніцтва, паведамляе газета «Известия».

Дамоўленасць пра помнік загінулым у катастрофе пад Смаленскам была дасягнутая лідарамі Расеі і Польшчы Дзмітрыем Мядзведзевым і Браніславам Камароўскім яшчэ ў 2011 годзе. Палякі павінны былі прафінансаваць стварэнне манумента, а расейскі бок - уладкаваць тэрыторыю. Адкрыць яго збіраліся ў красавіку 2013 года, аднак працы да гэтага часу не вядуцца.

Адна з прычын, па версіі мясцовых уладаў, - запыты польскага боку, які разлічвае, што ўлады Смаленскай вобласці выдзеляць тэрыторыю ў 100 тыс. кв. м. На гэтай тэрыторыі палякі хочуць размясціць збудаванне даўжынёй 115 м, капліцу, невялікі музей, паркоўку і ахоўную зону. Характэрна, што дызайн праекта быў у мінулым годзе ўзгоднены паміж Масквой і Варшавай.

Аднак цяпер у Смаленску лічаць, што жыхары вобласці не зразумеюць, калі помнік зойме столькі месца. «Мы не можам дазволіць сабе зрабіць з гэтага мемарыяла раздражняльнік для нашага насельніцтва, для ветэранаў вобласці», - заявіў губернатар вобласці Аляксей Астроўскі. Ён не ўдакладніў, чым манумент будзе раздражняць ветэранаў, але паабяцаў, што працы давядуць да канца.

Катастрофа самалёта Ту-154 10 красавіка 2010 года стала адной з чорных старонак у гісторыі Польшчы. Акрамя прэзідэнта Леха Качыньскага, на борце знаходзіліся яшчэ 95 чалавек. Яны накіроўваліся ў Катынь, дзе павінны былі прайсці жалобныя мерапрыемствы ў памяць забітых там падчас Другой сусветнай вайны польскіх афіцэраў.

Фотa: reuters.com

Апошнія навіны