BE RU EN

Менчанка збіла амапаўца вядром

  • 30.04.2013, 13:40

Пасля «Чарнобыльскага шляху» жанчына вядром разбіла галаву амапаўца, абараняючы моладзевага актывіста.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў незалежны журналіст Генадзь Барбарыч.

«Калі нас з Ярашэвічам трымалі ў Савецкім РУУС, там адначасова апытвалі жанчыну, якая не ўдзельнічала ў «Чарнобыльскім Шляху». Тым не менш, яна бачыла брутальнае затрыманне аднаго з моладзевых актывістаў у дварах вуліцы Багдановіча. Людзі ў цывільным накінуліся на хлопца і павалілі яго. Ён крычаў аб дапамозе. Жанчына вырашыла, што маладога чалавека збіваюць хуліганы, і спрабавала яму дапамагчы. Калі яе адштурхнулі, яна, не доўга думаючы, ударыла міліцыянта ў цывільным па галаве вядром, якое было ў яе ў руцэ, і досыць моцна рассекла яму лоб. Гэтую жанчыну скруцілі, даставілі ў РУУС, дзе супраць яе распачалі крымінальную справу, але, тым не менш, адпусцілі», - адзначыў журналіст.

Рэдакцыя сайта charter97.org звязалася з прадстаўніком прэс-службы Савецкага РУУС, каб даведацца падрабязнасці, але атрымала адмову ў прадастаўленні інфармацыі па гэтай справе.

«Мы не можам падаваць звесткі падобнага роду па тэлефоне. Для гэтага трэба афіцыйная заява і прадастаўленне дакументаў, якія пацвярджаюць прыналежнасць да зарэгістраванага сродку масавай інфармацыі», - заявіў супрацоўнік прэс-службы.

Нагадаем, усяго на акцыі «Чарнобыльскі Шлях», якая прайшла ў беларускай сталіцы 26 красавіка, было затрымана каля дзесяці чалавек. Частка з іх была вызваленая. Некаторых, у тым ліку журналістаў Генадзя Барбарыча, Аляксандра Ярашэвіча, удзельнікаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандра Тарнагурскага, Змітра Чарняка, праваабаронцу Вячаслава Дашкевіча, актывіста анархісцкага руху Ігара Трухановіча, якога жорстка збілі перад затрыманнем, даставілі ў турму на вуліцы Акрэсціна.

Апошнія навіны