BE RU EN

Падаткавікі прыдумалі «ганебны слуп» для рэпетытараў

  • 30.04.2013, 13:10

Асабістыя дадзеныя нелегальных рэпетытараў будуць публікаваць на сайтах МПЗ і Мінадукацыі.

Стартавала акцыя «Аказваючы паслугі рэпетытара, рабіце гэта легальна», якая праводзіцца сумесна Міністэрствам па падатках і зборах і Міністэрствам адукацыі Беларусі, паведамляе прэс-служба МПЗ.

Незаконны занятак рэпетытарствам пагражае парушальніку папярэджаннем, а пры паўторным выяўленні - штрафам. Падатковы орган пакідае за сабой права праінфармаваць аб нелегальным «бізнесмене» адміністрацыю навучальнай установы. «Асабістыя дадзеныя несвядомых асоб будуць размешчаныя на афіцыйных сайтах Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Беларусі», паведамілі ў прэс-службе.

Рэпетытарства не адносіцца да прадпрымальніцкай дзейнасці пры ўмове, што чалавек аказвае паслугі самастойна, без прыцягнення іншых фізічных асоб па дамовах. Такім чынам, рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка не патрабуецца.

Да пачатку аказання паслуг неабходна толькі паведаміць у падатковы орган па месцы жыхарства аб сваім намеры, і заплаціць адзіны падатак, вылічаны падатковым органам зыходзячы са ставак падатку, устаноўленых абласнымі і Менскім гарадскім Саветамі дэпутатаў.

Аплата падатку ажыццяўляецца штомесяц за тыя месяцы, у якія педагог займаецца рэпетытарствам. Пры гэтым весці ўлік атрыманых даходаў і прадстаўляць справаздачнасць у падатковы орган не патрабуецца.

Да рэпетытарства адносяцца кансультацыйныя паслугі па асобных вучэбных прадметах і дысцыплінах, адукацыйных абласцях і тэмах, у тым ліку падрыхтоўка да цэнтралiзаванага тэсцiравання, якія ажыццяўляюцца з дапамогай індывідуальнай педагагічнай дзейнасці.

«Паклапаціцеся аб сваёй рэпутацыі. Хіба выгада, атрыманая ад нелегальнага рэпетытарства, кампенсуе ваш аўтарытэт выкладчыка, які пахіснуўся?» - задаюць рытарычнае пытанне ў прэс-службе Міністэрства па падатках і зборах.

Апошнія навіны