У парку Горкага ў Менску абваліўся дах атракцыёну
- 3.04.2013, 13:33
Атракцыёны не вытрымалі доўгай зімы. У парку Горкага абваліўся дах на аўтадроме.
Металічная канструкцыя прагнулася пад цяжарам снегу і абвалілася. Чаму дзіцячаму атракцыёну далі патануць у снежнай лавіне, што ў выніку прывяло да такіх сумных наступстваў, СТВ пацікавілася ў кіраўніцтва гарадскога парку. Як ні парадаксальна, але там запэўнілі, што ніякага абвалу даху і не было.
Галоўны інжынер УП «Гарадскія паркі» Менскзеленбуд Юрый Ганчароў заявіў, што «гэта планавы рамонт».
«Справа ў тым, што ў нас быў вызначаны планавы рамонт даху аўтадрома і не толькі ў парку Горкага. Вось цяпер у нас ідзе рамонт атракцыёну ў парку Горкага. Ніякага абвалу не было», - сказаў ён.
Толькі вось няўдача. Калі ў аўтадроме праходзяць работы па рэканструкцыі, то чаму ён да гэтага часу не расчышчаны ад снегу?
Нагадаем, два дні таму пад цяжарам снегу ў Рагачоўскім раёне на рабочага абрынуўся дах цэха. Тады мужчына памёр ад атрыманых траўмаў.