BE RU EN

Ліміт на разлік гатоўкай будзе паэтапным

  • 24.04.2013, 18:01

Улады запэўніваюць, што да росту ценявой эканомікі гэта не прывядзе.

Уводзіць ліміт пры разліку гатоўкай будуць паэтапна, паведаміла намесніца начальніка галоўнай управы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы Нацыянальнага банка Наталля Штэўніна 24 красавіка на пасяджэнні круглага стала ў Менску, паведамляе БелаПАН.

Увядзенне гранічнай сумы плацяжу гатоўкай прадугледжанае зацверджаным 1 красавіка урадам і Нацбанкам планам супольных дзеянняў дзяржаўных органаў і ўдзельнікаў фінансавага рынку ў развіцці сістэмы безнаяўных разлікаў рознічных плацяжоў.

У ліку прапанаваных на 2013 год захадаў запланаваная «прапрацоўка пытання аб усталяванні гранiчнай сумы плацяжу наяўнымі грашовымі сродкамі пры аплаце насельніцтвам тавараў (работ, паслуг), больш за тое аплата павінна праводзіцца толькі ў безнаяўнай форме».

Як адзначыла Штэўніна, на этапе падрыхтоўкі праекта плана прапаноўвалася абмежаваць наяўныя рознічныя разлікі 100 базавымі адзінкамі. «Мы вывучылі рэакцыю грамадскасці на гэтую норму, правялі кансультацыі ў гэтым пытанні і пастанавілі, што, напэўна, адразу абмяжоўваць на 100 базавых адзінак будзе некарэктна», - сказала прадстаўнік Нацбанка.

Пастанавілі, што абмеркаванне гэтага пытання будзе доўжыцца. Будуць праведзеныя дадатковыя кансультацыі на ўзроўні Саўміна і Нацбанка супольна з Мінгандлю ды іншымі зацікаўленымі ўстановамі.

«Магчыма, гэты ліміт будзе ўводзіцца паэтапна. Дапусцім, у адзін год гэта будзе 300 базавых адзінак, а пасля будзе паціху зніжацца. Каб людзі паступова прывучаць карыстацца безнаяўнымі сродкамі разлікаў», - адзначыла Штэўніна.

На яе думку, да росту ценявых аперацый у эканоміцы гэты дакладна не прывядзе. «Наадварот, чым менш развітыя безнаяўныя плацяжы, тым больш высокая доля ценявой эканомікі», - падкрэсліла прадстаўніца Нацбанка.

Апошнія навіны