BE RU EN

Штрафы за пратэрмінаваны тэхагляд хочуць павялічыць у два разы

  • 23.04.2013, 12:25

«Белтэхагляд» ініцыюе ўзмацненне адміністрацыйнай адказнасці аўтаўладальнікаў за несвоечасовае праходжанне дзяржаўнага тэхнічнага агляду.

Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-сакратара УП «Белтэхагляд» Таццяну Пашкевіч.

Яна ўдакладніла, што прадстаўнікі прадпрыемства прапанавалі ўнесці змены ў пятую частку артыкула 18.12 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. У прыватнасці, яны лічаць патрэбным зрабіць больш жорсткай адказнасць за несвоечасова пройдзены тэхагляд - павялічыць штраф да 4 б. в. (400 тыс. рублёў на сённяшні дзень). А для легкавых аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюцца для камерцыйных перавозак пасажыраў, - да 20 б. в. (2 млн рублёў).

«Колькасць транспартных сродкаў з няпройдзеным тэхаглядам на беларускіх дарогах гэтай вясной выклікае трывогу», - адзначыла Таццяна Пашкевіч, нагадаўшы, што ў канцы сакавіка была завершаная агульнарэспубліканская дэкада «Дзяржтэхагляд». Было праверана каля 24,7 тыс. аўтамабіляў. Аказалася, што прыкладна трэць з іх выкарыстоўваюцца з парушэннямі тэрмінаў праходжання тэхнічнага агляду.

На думку спецыялістаў УП «Белтэхагляд», адной з мер, арыентаваных на выпраўленне сітуацыі, якая склалася, магло б стаць павышэнне адміністрацыйнай адказнасці за несвоечасовае прадастаўленне аўтамабіляў для праверкі іх тэхнічнага стану.

Гэту прапанову разглядаюць у Міністэрстве транспарту і камунікацый.

Апошнія навіны