BE RU EN

Украіне дадуць статус назіральніка ў МС

  • 23.04.2013, 11:49

Мытны саюз пагадзіўся даць Украіне статус назіральніка.

Адпаведныя дакументы будуць падпісаныя ў траўні.

Пра гэта сёння заявіў прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў, паведамляе РІА «Новости».

«Прынцыповае рашэнне дасягнута. Зараз, на мой погляд, рашэнне прынятае і гаворка ідзе пра тэхнічныя пытанні», - сказаў ён на сустрэчы ў Кіеве з журналістамі замежных СМІ.

Азараў растлумачыў, што гэты статус дазволіць Украіне мець прадстаўніцтва ў Мытным саюзе і ўдзельнічаць у пасяджэннях Калегіі МС, выказваць сваё меркаванне, хоць і не мець права голасу.

«Па крайняй меры, мы будзем інфармаваныя аб усіх рашэннях», - падкрэсліў Азараў.

Нагадаем, яшчэ 5 красавіка Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч заявіў, што Украіна разлічвае атрымаць статус назіральніка ў Мытным саюзе, затым прыступіць да разгляду шэрагу дакументаў па ўдзелу ў рабоце аб'яднання.

«Асаблівую занепакоенасць у нас выклікае працэс урэгулявання адносін з Мытным саюзам. Нашы апошнія прапановы, якія я агучыў на сустрэчы з прэзідэнтам Расеі ў Маскве, пра тое, каб мы знайшлі фармат нашых адносін. Мы яго бачым на дадзеным этапе як фармат назіральніка», - сказаў Януковіч.

Прэзідэнт падкрэсліў пазіцыю Украіны «шукаць узаемапрымальныя рашэнні, якія б пашыралі нашы магчымасці і стваралі магчымасці для вольнага прасоўвання нашых тавараў і паслуг».

Апошнія навіны