BE RU EN

Ёахім Гаўк: Беларусь павінна вызваліць палітвязняў і правесці рэформы

  • 23.04.2013, 9:40

У сваім звароце да ПАРЕ прэзідэнт ФРГ заклікаў краіны Усходняй Еўропы выконваць правы чалавека.

Ён выступіў за дэмакратычныя рэформы ў Беларусі і за незалежнасць Косава, перадае Deutsche Welle.

Прэзідэнт ФРГ Ёахім Гаўк (Joachim Gauck) заклікаў краіны Усходняй Еўропы сур'ёзна ставіцца да захавання правоў чалавека. «Правы і свабоды не толькі павінны быць замацаваныя на паперы, яны павінны дзейнічаць на практыцы», - сказаў Гаўк у панядзелак 22 красавіка, выступаючы на сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ў Страсбургу.

Гэта тычыцца як заходнееўрапейскіх, так і ўсходнееўрапейскіх краін, падкрэсліў кіраўнік германскай дзяржавы. На яго думку, не павінна быць «падвойных стандартаў» ні на захадзе, ні на ўсходзе Еўропы, перадае агенцтва AFP.

Гаўк за змены ў Беларусі і незалежнасць Косава

Ёахім Гаўк звярнуўся да краін, якія ўваходзяць у Раду Еўропы, з заклікам не забываць пра інтарэсы грамадзянскай супольнасці ў двух еўрапейскіх краінах, якія пакуль не з'яўляюцца ўдзельнікамі гэтай арганізацыі, - у Беларусі і Косава.

«Мне б хацелася, каб палітычная сітуацыя ў Беларусі змянілася настолькі, каб можна было б сур'ёзна абмяркоўваць уступленне краіны ў Раду Еўропы», - заявіў ён. Гэта можа адбыцца, паводле яго слоў, калі ў Беларусі будзе адмененае смяротнае пакаранне, адпушчаныя на волю палітычныя зняволеныя і праведзеныя дэмакратычныя рэформы.

Палітычная сітуацыя ў Косава, на думку прэзідэнта Германіі, іншая. Імпульсам для развіцця краіны стане яе інтэграцыя ў міжнародныя арганізацыі. Ёахім Гаўк заклікаў усе дзяржавы Рады Еўропы прызнаць незалежнасць Косава.

Апошнія навіны